Пошук

Прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу, кардынал Аюса Гішот Прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу, кардынал Аюса Гішот 

Кардынал Аюса Гішот: разнастайнасць узбагачае ўсіх

Для мірнага суіснавання недастаткова рэлігійнай талерантнасці, патрэбна сяброўства і здольнасць жыць у разнастайнасці, адзначыў на форуме ў Абу-Дабі кардынал Мігель Анхель Аюса Гішот.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У рамках святкавання пятай гадавіны падпісання Дэкларацыі аб братэрстве ў сталіцы Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў прайшоў другі Сусветны саміт па талерантнасці і чалавечаму братэрству на тэму: Звязаныя нашай агульнай чалавечнасцю. Святы Пасад на ім прадставіў прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу, кардынал Аюса Гішот.

З прамовамі выступілі таксама шэйх Нахаян Мабарак Аль Нахаян, міністр талерантнасці і суіснавання ААЭ, прафесар Мухамед Аль-Махрасаві, сустаршыня Вярхоўнага камітэта па чалавечым братэрстве, Ірына Бокава, былы генеральны дырэктар ЮНЕСКА і Уідэд Бушамауі, туніская прадпрымальніца і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2015 года. У саміце прынялі ўдзел рэлігійныя дзеячы, дыпламаты, інтэлектуалы, менеджэры і прадстаўнікі моладзі.

У сваёй прамове кардынал Гішот засяродзіў увагу на ролі рэлігій у мірабудаўніцтве. Па яго словах, для вырашэння сённяшніх праблем "супольнасці і асобныя людзі ва ўсім свеце павінны імкнуцца толькі да агульнага дабра і годнасці кожнага чалавека, працаваць над тым, каб, у адзінстве і салідарнасці, бальзам братэрства вылечваў раны чалавецтва". Ён падкрэсліў каштоўнасць блізкіх адносін паміж рознымі канфесіямі: "Вернікі розных рэлігійных традыцый, якія ідуць разам па шляху міжканфесійнага дыялогу, могуць сапраўды ўнесці свой уклад ва ўсеагульнае братэрства ў грамадствах, у якіх яны жывуць".

Нагадаўшы пра канфлікты, якія часта апраўдваюцца рэлігійнымі матывамі, прэфект падкрэсліў ролю, якую павінны адыгрываць рэлігійныя лідэры. Яны спрыяюць пашырэнню талерантнасці і прымірэння, асуджаючы злоўжыванне рэлігіяй для апраўдання гвалту. “Разнастайнасць шматлікіх рэлігій, моў, культур і этнічных груп нашага свету – гэта не падстава для канфліктаў, а скарб, які ўзбагачае ўсіх нас", - адзначыў іерарх.

На думку кардынала Гішота, для мірнага суіснавання недастаткова рэлігійнай талерантнасці, патрэбна ўзаемнае веданне і сяброўства. "Суіснаванне – гэта не талерантнасць, а здольнасць жыць у разнастайнасці", - патлумачыў ён. Спасылаючыся на вучэнне Францішка, іерарх зазначыў, што сапраўднае супрацоўніцтва паміж вернікамі павінна прытрымлівацца маршруту, пазначанага трыма важнымі арыенцірамі: роляй рэлігіі ў нашых грамадствах, крытэрыем сапраўднай рэлігійнасці і канкрэтным братэрскім падарожжам дзеля пабудовы міру.

Кардынал Гішот запэўніў, што сувязь паміж міжканфесійным дыялогам, мірам і братэрствам “настолькі цесная, што мы нават не можам уявіць гэтыя рэаліі асобна". Менавіта таму ўсе рэлігіі павінны дзейнічаць як міратворцы, таму што “мір неабходны нам сёння больш, чым у мінулым". Іерарх запэўніў у гатоўнасці Каталіцкага Касцёла дзейнічаць разам з іншымі рэлігіямі "дзеля прадухілення і ліквідацыі ўсяго, што можа прывесці да падзелаў і канфліктаў".

Фрагментарная трэцяя сусветная вайна кідае выклік таксама і міжканфесійнаму дыялогу, таму неабходна працягваць гэты шлях без прыпынку, прытрымлівацца яго, спрабуючы “пераадолець напружанасць і непаразуменне, клішэ і стэрэатыпы, якія спараджаюць страх і супрацьдзеянне”. "Такім чынам, мы будзем спрыяць развіццю плённага і паважлівага духу супрацоўніцтва", - сцвердзіў іерарх.

"Мара аб братэрстве яднае ўсё чалавецтва, але яна асаблівым чынам даверана вернікам розных рэлігій, якія запрошаны стаць на бок бедных і стаць голасам апошніх", - сказаў у заключэнне прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу.

07 лютага 2024, 11:19