Пошук

Першая гадавіна падпісання Дэкларацыі аб братэрстве, Абу-Дабі, 4 лютага 2020 года Першая гадавіна падпісання Дэкларацыі аб братэрстве, Абу-Дабі, 4 лютага 2020 года 

Папа: хай мара пра братэрства не абмяжоўваецца словамі

На шляху да дыялогу стаяць тры галоўныя перашкоды: няведанне іншага, няўменне слухаць і недахоп інтэлектуальнай гнуткасці, гаворыцца ў пасланні, якое Францішак накіраваў удзельнікам Міжнароднага кангрэса PLURIEL.

Марыя Валодзіна - Vatican News

4 лютага 2024 года Святы Айцец накіраваў пасланне ўдзельнікам IV Міжнароднага кангрэса PLURIEL – універсітэцкай платформы для даследаванняў ісламу, якая аб'ядноўвае каля 180 даследчыкаў хрысціянска-мусульманскіх адносін з 27 краін свету. Яны сабраліся ў гэтыя дні ў Абу-Дабі (ААЭ), каб прааналізаваць уплыў і перспектывы Дэкларацыі аб братэрстве, падпісанай роўна пяць гадоў таму Францішкам і імамам Аль-Таебам.

Пазнанне іншага

"Паклапоцімся, каб наша мара аб братэрстве ў свеце не абмяжоўвалася толькі словамі!" - заклікаў Папа ў пасланні. У сучасным грамадстве гэтаму перашкаджаюць тры галоўныя перашкоды, "тры заганы чалавечага духу, якія руйнуюць братэрства і якія варта добра ведаць, каб зноў знайсці мудрасць і мір".

Першай з гэтых перашкод з'яўляецца няведанне іншага. Пазнанне іншага, пабудова ўзаемнага даверу і супрацьстаянне негатыўным стэрэатыпам дазваляюць пачаць міратворчыя працэсы, прымальныя для ўсіх. На думку Святога Айца, менавіта такога шляху трэба прытрымлівацца, каб пазбегнуць стварэння "антыбратэрскай цывілізацыі", дзе брат успрымаецца як вораг.

Уменне слухаць

Чалавечы розум можа развівацца толькі тады, калі застаецца дапытлівым і адкрытым на ўсе праявы рэчаіснасці, калі ўмее дзяліцца плёнам сваіх адкрыццяў, а для гэтага неабходна ўмець слухаць, падкрэсліў Папа.

Няўменне слухаць з'яўляецца другой перашкодай, якая шкодзіць братэрству. Неабходна вучыцца слухаць, а таксама маўчаць і запавольваць тэмп, што не ўласціва нашаму пастаянна ўзбуджанаму сучаснаму постмадэрнісцкаму свету, перапоўненаму выявамі і шумам.

Інтэлектуальная гнуткасць

"Колькі зла можна было б пазбегнуць, калі б было больш слухання, маўчання і, у той жа час, праўдзівых слоў у сем'ях, палітычных ці рэлігійных супольнасцях, ва ўніверсітэтах, а таксама паміж народамі і культурамі!” - адзначыў Пантыфік.

Аднак дыялогу перашкаджае трэцяя праблема: недахоп інтэлектуальнай гнуткасці. Пераадолець яе дапамагаюць адукацыю і даследаванні, якія павінны накіроўвацца на тое, каб “зрабіць прадстаўнікоў нашых народаў не цвёрдымі, а гнуткімі, жывымі, адкрытымі на іншыя меркаванні, братэрскімі”.

05 лютага 2024, 09:02