Пошук

Цырымонія прывітання кардынала Параліна ў Паўднёвым Судане Цырымонія прывітання кардынала Параліна ў Паўднёвым Судане 

Кардынал Паралін прыбыў з афіцыйным візітам у Паўднёвы Судан

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, кардынал П’етра Паралін, распачаў трохдзённы візіт у Паўднёвы Судан. Ён адправіўся ў гэту афрыканскую краіну пасля наведвання Анголы.

14 жніўня 2023 года ватыканскі іерарх прыбыў у Джубу, дзе сустрэўся з кардыналам Габрыэлем Зубэйрам Вакам і благаславіў мемарыяльную табліцу ў памяць пра прабыванне Францішка ў мясцовай нунцыятуры. У другой палове дня ён сустрэўся з Прэзідэнтам Паўднёвага Судана Салвам Кіірам Маярдзітам, Першым Віцэ-Прэзідэнтам Рыекам Мачарам і арцыбіскупам Джубы Стывенам Авею Марцінам Мулам.

15 жніўня кардынал Паралін адведае горад Малакаль, дзе ўзначаліць эўхарыстычную цэлебрацыю ў катэдральным касцёле. Затым ён сустрэнецца з прадстаўнікамі мясцовых уладаў і адведае цэнтр прыняцця рэпатрыянтаў з Судана.

16 жніўня іерарх будзе цэлебраваць святую Імшу ў біскупскай рэзідэнцыі, пасля чаго здзейсніць візіт у каталіцкую Школу імя святога Карла Луанга і Ніжэйшую семінарыю, а таксама сустрэнецца з супольнасцю старэйшын Верхняга Нілу. У другой палове дня запланавана сустрэча Дзяржсакратара з кіраўніцтвам і супрацоўнікамі Місіі ААН у Паўднёвым Судане і наведванне Пункта абароны грамадзянскага насельніцтва. Завершыцца дзень сустрэчай кардынала са святарамі, законнікамі і семінарыстамі.

17 жніўня бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца адправіцца ў Румбэк, дзе ўзначаліць святую Імшу ў інтэнцыі міру і прымірэння.

Кардынал П’етра Паралін наведваў Паўднёвы Судан у ліпені 2022 года. У лютым 2023 года гэту афрыканскую краіну адведаў Францішак.
 

14 жніўня 2023, 13:12