Пошук

Францішак на сустрэчы з місіянерскай супольнасцю “Медыкі з Афрыкай” Францішак на сустрэчы з місіянерскай супольнасцю “Медыкі з Афрыкай” 

Францішак: Афрыку трэба не эксплуатаваць, а прасоўваць

У Афрыцы вялікі інтэлектуальны капітал, неабходна дапамагчы яго развіццю, - падкрэсліў Пантыфік у прамове да медыкаў, якія працуюць на афрыканскім кантыненце.

Марыя Валодзіна – Vatican News

19 лістапада 2022 года Францішак прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю місіянерскай супольнасці “Медыкі з Афрыкай”. Яе гісторыя пачынаецца 70 гадоў таму назад у італьянскай Падуі, дзе быў адкрыты інтэрнат для маладых афрыканскіх студэнтаў медыцыны.

У сваёй прамове Папа ўзгадаў нядаўнюю анлайн-сустрэчу са студэнтамі афрыканскіх універсітэтаў. Ён быў уражаны і крануты інтэлектуальнымі здольнасцямі маладых людзей і заклікаў гасцей дапамагчы маладым афрыканцам рухацца наперад, таму што “Афрыку нельга эксплуатаваць, яе трэба прасоўваць”.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што “здароўе - гэта першаснае дабро, як хлеб, як вада, як дом, як праца”. Але сёння, у XXI стагоддзі, многія не маюць доступу да базавага медыцынскага абслугоўвання. На яго думку, “гэта ганебна: чалавецтва не здольнае вырашыць гэтую праблему, але здольна прасоўваць індустрыю зброі”. Мільярды трацяцца на зброю, велізарныя рэсурсы спальваюцца індустрыяй эфемернасці, напрыклад, “індустрыяй макіяжу”, і ў той жа час многія людзі не атрымліваюць медыцынскай дапамогі проста таму, што яны нарадзіліся ў пэўных кутках свету: маці губляюць жыццё ў родах, дзеці паміраюць у раннім дзяцінстве.

Францішак узгадаў асабліва дарагія яго сэрцу афрыканскія краіны: Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку, якую ён наведваў у 2015 годзе, і Паўднёвы Судан, куды ён плануе адправіцца ў пачатку наступнага года. Гэта вельмі бедныя краіны, якія свет разглядае толькі з пункту гледжання рэсурсаў, але “Пан лічыць іх сваімі любімымі і дасылае ў іх добрых самаранаў, каб сведчыць Евангелле”. Папа заклікаў медыкаў не баяцца сутыкацца з цяжкімі праблемамі, адпраўляючыся ў далёкія месцы, адзначаныя насіллем, дзе ў насельніцтва няма магчымасці лячыцца. “Будзьце з імі!” – заклікаў Святы Айцец.

Папа заахвоціў медыкаў працягваць супрацоўніцтва з мясцовымі Касцёламі і місіянерскімі супольнасцямі, якія дзейнічаюць у сферы аховы здароўя ў Афрыцы. “Працуйце разам, аб'ядноўваючы намаганні, перадавайце свой досвед і веды, падтрымлівайце сацыяльныя інавацыі, натхнёныя Евангеллем, а таксама даследуйце новыя формы фінансавання медыцынскіх паслуг для самых бедных,” – сказаў Святы Айцец.

Пандэмія каронавіруса, засухі, вайна і сур'ёзны міжнародны крызіс адбіваюцца на ўсіх. Для Афрыкі гэтыя падзеі маюць драматычныя наступствы, таму што насельніцтва вельмі беднае і не хапае сістэм сацыяльнай абароны. Беднасць пагаршаецца: растуць цэны на прадукты харчавання, прыносячы голад; з-за празмернага кошту паліва дрэнна працуе санітарны транспарт; не хапае лекаў і медыцынскіх матэрыялаў. Гэта “схаваная вайна”, аб якой ніхто не гаворыць, таму здаецца, што яна не існуе, але яна моцна ўплывае на самых бедных, - падкрэсліў Пантыфік і падзякаваў сваім слухачам за тое, што яны прыцягваюць увагу да маўклівых пакут афрыканскіх беднякоў, з якімі яны сутыкаюцца ў паўсядзённай працы.

Нарэшце, Папа заклікаў гасцей надаваць асаблівую ўвагу афрыканскай моладзі, усяляк заахвочваючы ў сваёй дзейнасці яе працаўладкаванне. “Дапамажыце ім рухацца наперад”, - сказаў ён.

Напрыканцы сустрэчы Святы Айцец прывёў у прыклад манахіню, якая цягам пяцідзесяці гадоў жыла ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, дзе была акушэркай. Папа выпадкова пазнаёміўся з ёй у Бангі. Разам з законніцай была маленькая дзяўчынка гадоў чатырох-пяці, якая называла яе "мамай". Маці дзяўчынкі памерла ў родах, бацька сышоў, малая засталася адна і манахіня ўсынавіла яе на законных падставах. “Адважная законніца, ці не так? – запытаў Папа, – Узяла на сябе адказнасць за яе”. Ён заклікаў медыкаў “ісці наперад і быць адважнымі”, падзякаваў ім за тое, што яны робяць і даручыў Маці Божай іх працу.

19 лістапада 2022, 12:46