Пошук

Санктуарый у ірландскім Нок, сцэна аб'яўлення Марыі. Ілюстрацыйнае фота Санктуарый у ірландскім Нок, сцэна аб'яўлення Марыі. Ілюстрацыйнае фота 

Цэнтр марыйных аб'яўленняў не будзе пацвярджаць іх сапраўднасць

Нядаўна створаны Святым Пасадам Цэнтр даследавання з'яў і містычных феноменаў, звязаных з Найсвяцейшай Дзевай Марыяй, не будзе выносіць рашэнняў аб іх сапраўднасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Аб гэтым паведаміў Vatican News айцец Стэфана Чэкін, старшыня Папскай міжнароднай марыйнай акадэміі. “Мы проста хочам дапамагчы дыяцэзіям, біскупам, святарам і санктуарыям зразумець такога роду феномены”, - патлумачыў італьянскі францішканін.

Ён падкрэсліў, што сёння не хапае кампетэнтных асоб, якія маглі б правесці правільнае распазнаванне. Ствараючы Цэнтр, Папская акадэмія імкнецца задаволіць гэту патрэбнасць. Праз трывалую тэалагічную адукацыю яна хоча падтрымліваць здаровую народную пабожнасць.

Айцец Чэкін нагадаў, што марыйныя аб’яўленні – гэта вельмі складаная рэальнасць. Тым больш, што Маці Божая з'яўляецца не толькі католікам. Ён нагадаў, між іншым, справу Альфонса Рацісбона, яўрэя і заядлага антыклерыкала, якому, як мяркуецца, Марыя аб’явілася ў Рыме ў XIX стагоддзі, што прывяло да яго навяртання.

“Мы хацелі б, каб ва ўсіх краінах і культурах былі створаныя адпаведныя камісіі па даследаванні такіх з'яў, у тым ліку ў супрацоўніцтве з мусульманамі, індуістамі і будыстамі, таму што гэта адбываецца і з вызнаўцамі іншых рэлігій. Гэта вельмі цікава. На Тайвані, напрыклад, ёсць марыйны санктуарый, дзе Дзева Марыя з'явілася адзінаццаці даосам. У Індыі ёсць санктуарыі, дзе Марыя аб’явілася індуістам. (...) Мы бачым, што Бог не звяртае ўвагі на асобы, культуры, рэлігіі. Бог хоча адкрыць сябе. Мы павінны зразумець гэта вымярэнне”, - сказаў старшыня Папскай міжнароднай марыйнай акадэміі.
 

22 красавіка 2023, 11:06