Пошук

Арцыбіскуп Лазарус Ю Хын Сік Арцыбіскуп Лазарус Ю Хын Сік 

Новы прэфект: без абнаўлення духавенства няма абнаўлення Касцёла

Новы прэфект Кангрэгацыі па справах духавенства запэўніў, што як спадчыннік сведчання карэйскіх мучанікаў будзе "аддана служыць Касцёлу разам з Наступнікам св. Пятра".

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Лазарус Ю Хын Сік, гэта першы ў гісторыі карэец, які ўзначаліў дыкастэрыю Рымскай курыі. Прызначэнне адбылося некалькі дзён таму, 11 чэрвеня 2021 г. У лісце да вернікаў іерарх прызнаўся, што Францішак прапанаваў яму пасаду ў красавіку, але ён прыняў гэта без энтузіязму, сказаўшы, што паходзіць з невялікай азіяцкай дыяцэзіі і не ведае шмат моў. Папа адказаў, што ў Рымскай курыі толькі адзін кіраўнік дыкастэрыі з Азіі – кантынента, вельмі важнага для Касцёла. Гаворка ішла пра кардынала Луіса Тагле з Філіпін, прэфекта Кангрэгацыі евангелізацыі народаў.

Пішучы пра свае новыя абавязкі, арцыбіскуп Ю адзначыў, што яны датычацца фармацыі і жыцця каталіцкага духавенства. “Разам з святарамі з усяго свету мы будзем працягваць рэформу святарскага жыцця, ведаючы, што па-ранейшаму дзейнічае прыказка, згодна з якой без абнаўлення духавенства няма абнаўлення Касцёла”, - адзначыў іерарх.

Падчас свайго служэння ў дыяцэзіі Тэджон новы прэфект некалькі разоў наведваў Паўночную Карэю ў рамках "ініцыятыў салідарнасці і міру", рэалізаваных Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Карэі. А пасля сустрэчы з Францішкам у красавіку ён распавёў пра жаданне Пантыфіка наведаць паўночнакарэйскую сталіцу Пхеньян. На наступны дзень пасля прызначэння прэфектам, ён пацвердзіў, што калі яму даручаць арганізаваць папскую паездку ў Паўночную Карэю, ён зробіць усё магчымае для яе рэалізацыі.

Іерарха павіншаваў з прызначэннем Прэзідэнт Паўднёвай Карэі. У тэлеграме, адпраўленай з саміту Вялікай сямёркі, які праходзіў у Вялікабрытаніі, Мун Чжэ Ін пажадаў, каб у адпаведнасці з сваім біскупскім дэвізам Lux mundi арцыбіскуп Ю заставаўся "святлом для свету без дыскрымінацыі, у якім бедныя знаходзяць суцяшэнне”. Ён таксама адзначыў "надзвычайныя намаганні" былога біскупа Тэджона "на карысць міру на Карэйскім паўвостраве".
 

15 чэрвеня 2021, 11:04