Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У Ватыкане прадставілі “Экуменічны vademecum”

4 снежня 2020 г. быў абнародаваны дакумент Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству “Біскуп і хрысціянскае адзінства. Экуменічны vademecum”.

На прэзентацыі ў Ватыкане кардынал Курт Кох, старшыня дыкастэрыі, прызнаўся, што матывам распрацоўкі “даведніка” стала неабходнасць спецыяльнага тэксту, прызначанага менавіта для іерархаў, бо ў першую чаргу яны закліканы прыняць на сябе экуменічную адказнасць.

Біскуп не можа ўспрымаць садзейнічанне хрысціянскаму адзінству як адзін са шматлікіх аспектаў свайго служэння, экуменічнае абавязацельства з’яўляецца абавязкам кожнага пастыра, - падкрэсліў кардынал Кох.

Працэс падрыхтоўкі новага дакумента працягваўся тры гады. Першы варыянт тэксту абмяркоўваўся на пленарным пасяджэнні Папскай рады ў 2018 г. Затым яго адправілі ў іншыя ведамствы Рымскай Курыі, якія прапанавалі свае дапаўненні.

Экуменічны vademecum – задуманы менавіта як “даведнік, компас, спадарожнік”. Ён заснаваны на дэкрэце Другога Ватыканскага Сабору аб экуменізме Unitatis redintegratio, энцыкліцы св. Яна Паўла ІІ пра экуменізм Ut unum sint і двух тэкстах Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству: Даведніка па рэалізацыі прынцыпаў і нормаў па экуменізме і дакумента Экуменічнае вымярэнне ў фармацыі асоб, якія займаюцца душпастырствам.

Новы “даведнік” не з’яўляецца кампіляцыяй гэтых тэкстаў: ён коратка абагульняе іх асноўныя палажэнні, узбагачаючы тэмамі, характэрнымі для апошніх пантыфікатаў, – прычым з пункту гледжання біскупа.

Vademecum складаецца з двух раздзелаў. Першы атрымаў назву Садзейнічанне экуменізму ў Каталіцкім Касцёле. Тут сцвярджаецца, што “пошук адзінства – гэта перш за ўсё выклік для католікаў”. У другой частцы – Каталіцкі Касцёл у адносінах з іншымі хрысціянамі – прыведзены аналіз чатырох спосабаў узаемадзеяння Касцёла з іншымі хрысціянскімі супольнасцямі: духоўны экуменізм, дыялог любові, дыялог праўды, дыялог жыцця.

Кожны раздзел “Экуменічнага даведніка” заканчваецца практычнымі рэкамендацыямі, якія абагульняюць задачы і ініцыятывы для рэалізацыі на мясцовым і рэгіянальным узроўнях. Дадатак змяшчае кароткае апісанне міжнародных тэалагічных ініцыятыў, у якіх удзельнічае Каталіцкі Касцёл.
 

04 снежня 2020, 12:22