Пошук

Vatican News
Францішак падчас экуменічнай малітвы ў Женеве ў 2018 г. Францішак падчас экуменічнай малітвы ў Женеве ў 2018 г. 

Святы Пасад распрацаваў “Даведнік па экуменізме”

4 снежня 2020 г. Папская рада спрыяння хрысціянскаму адзінству прадставіць важны дакумент, прысвечаны экуменічнай прыхільнасці Касцёла: “Біскуп і хрысціянскае адзінства. Экуменічны vademecum”.

Дакумент накіраваны на падтрымку біскупаў у іх служэнні хрысціянскаму адзінству. Яго выхад прымеркавалі да 60-годдзя стварэння Папскай рады св. Янам XXIII у 1960 г.

Дапаможнік быў ухвалены Францішкам, які спасылаўся на яго ў сваім лісце да 25-годдзя энцыклікі Ut unum sint, нагадаўшы, што “служэнне адзінству з’яўляецца важным аспектам місіі кожнага біскупа”. Папа выказаў надзею, што ён стане “падбадзёрваннем і кіраўніцтвам у выкананні экуменічных абавязкаў іерархаў”.

Экуменічны vademecum складаецца з дзвюх раздзелаў. Першы атрымаў назву Садзейнічанне экуменізму ў Каталіцкім Касцёле. Ён утрымлівае патрабаванні для выканання Касцёлам экуменічнай місіі. Тут гаворка ідзе пра структуры і персанал на дыяцэзіяльным і нацыянальным узроўнях, якія павінны ўключыцца ў служэнне еднасці Касцёла, апісваецца арганізацыя экуменічнай фармацыі і выкарыстанне дыяцэзіяльных сродкаў масавай інфармацыі.

У другім раздзеле, азагалоўленым Каталіцкі Касцёл у адносінах з іншымі хрысціянамі, разглядаюцца чатыры спосабы падтрымання адносін з іншымі хрысціянскімі супольнасцямі.

Духоўны экуменізм – гэта душа экуменічнага руху. У Дапаможніку апісана, як біскупы могуць весці вернікаў у малітве, навяртанні і святасці ў імя адзінства хрысціян, асабліва падкрэсліваючы важнасць Святога Пісання, аздараўлення памяці і “экуменізму крыві”.

Дыялог любові адносіцца да “культуры сустрэчы” ў кантэксце штодзённых кантактаў і супрацоўніцтва, выхавання і паглыблення сувязяў, дзякуючы якім хрысціяне ўжо аб’яднаныя ў хросце.

Дыялог праўды мае на ўвазе пошук Божай праўды, праведзены разам з іншымі хрысціянамі праз экуменічны тэалагічны дыялог.

Дыялог жыцця ўключае розныя магчымасці для абмену і супрацоўніцтва з іншымі хрысціянамі ў душпастырскай дзейнасці (душпастырскі экуменізм), у сведчанні перад светам (практычны экуменізм) і ў культуры (культурны экуменізм).

Vademecum заснаваны на дэкрэце Другога Ватыканскага Сабору аб экуменізме Unitatis redintegratio, энцыкліцы св. Яна Паўла ІІ пра экуменізм Ut unum sint і двух тэкстах Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству: Даведніка па рэалізацыі прынцыпаў і нормаў па экуменізме і дакумента Экуменічнае вымярэнне ў фармацыі асоб, якія займаюцца душпастырствам.

Кожны раздзел “Экуменічнага даведніка” заканчваецца спісам практычных рэкамендацый, якія абагульняюць задачы і ініцыятывы для рэалізацыі на мясцовым і рэгіянальным узроўнях. Дадатак змяшчае кароткае апісанне міжнародных тэалагічных ініцыятыў, у якіх удзельнічае Каталіцкі Касцёл.
 

02 снежня 2020, 12:33