Пошук

Vatican News
Робат у Ватыканскай аптэцы. Ілюстрацыйнае фота Робат у Ватыканскай аптэцы. Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканская аптэка атрымала самае сучаснае абсталяванне

Памяшканне і абсталяванне Ватыканскай аптэкі поўнасцю абноўлены. Сем месяцаў працягваўся грунтоўны рамонт. 3 жніўня 2020 г. першыя кліенты маглі ўбачыць яго вынікі.

Былі заменены падлогі, столь і асвятленне. Усе прылаўкі абноўленай аптэкі цяпер будуць абслугоўвацца робатамі, што значна скароціць час для пошуку патрэбнага медыкамента і перадачы яго кліенту. Аўтаматызаваная сістэма BD Rowa павінна зрабіць сапраўдную рэвалюцыю ў лагістыцы, захоўванні і продажы лекаў.

На аптэчным складзе знаходзіцца больш за 40 тыс. прэпаратаў, фармацэўты штодня абслугоўваюць больш за 2 тыс. кліентаў. Пры гэтым персанал вельмі нешматлікі – усяго 65 чалавек. Цяпер аптэка ў цэлым займае плошчу ў 1 тыс. м.кв., куды ўваходзяць: гандлёвая зала, падземныя склады, офісы і касметычны аддзел.

Дзякуючы рабатызаванай сістэме, працэнт памылак пры адборы прэпаратаў зведзены да мінімуму, ажыццяўляецца больш пільны кантроль за тэрмінам прыдатнасці. Акрамя таго, на 30% скарочаны час чакання пакупнікоў у чарзе, паколькі зараз фармацэўтам у пошуку патрэбных лекаў дапамагае робат.

І гэта не ўсе новаўвядзенні. У дадатак да аўтаматызацыі продажу, быў актываваны smartticket: дастаткова навесці тэлефон на QR-код на этікетцы леку, і на экране з’явіцца поўная інфармацыя аб ім.

Вітрыны ў аптэцы сталі віртуальнымі, што эканоміць месца ў памяшканні. З мэтай аптымізацыі прасторы былі ліквідаваны традыцыйныя пакупніцкія кошыкі.

Шмат увагі аддалі эстэтыцы інтэр’еру, выкарыстанню экалагічна ўстойлівага абсталявання: мэблі, паліц, падлог, асвятлення. Энергаэфектыўныя прыборы не толькі дапамогуць знізіць забруджванне навакольнага асяроддзя, але і дазволяць істотна эканоміць энергарэсурсы.

Місія Ватыканскай аптэкі заключаецца ў садзейнічанні здароўю і сведчанні надзеі тым, хто пакутуе, - адзначаецца ў спецыяльным паведамленні структуры. Асаблівая ўвага тут удзяляецца прафесіяналізму фармацэўтаў, каб гарантаваць пацыенту атрыманне патрэбных лекаў у адпаведны час разам з прыдатнымі парадамі.

Яшчэ адзін інавацыйны элемент – увядзенне сістэмы ліквідацыі чэргаў у рэжыме рэальнага часу.

Рэканструкцыя аптэкі адбываецца не ўпершыню з моманту яе заснавання ў 1874 г., апошняя была праведзена ў 1989 г. Цяперашняе абнаўленне гандлёвай прасторы стала завяршальным акцэнтам перамен: у 2018 г. быў перабудаваны склад фармацэўтычнай установы, а ў 2019 г. – офісы і касметычны аддзел.
 

03 жніўня 2020, 13:42