Святы Пасад супраць аднабаковых дзеянняў на Блізкім Усходзе
Зала Друку Святога Пасаду паведаміла, што 30 чэрвеня 2020 г. Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы, кардынал Пьетра Паралін, сустрэўся з пасламі ЗША і Ізраіля, і выказаў занепакоенасць Апостальскай Сталіцы магчымымі аднабаковымі дзеяннямі, якія могуць стварыць дадатковую пагрозу для пошуку міру паміж ізраільцянамі і палестынцамі.
Апостальская Сталіца заклікае ўсе бакі да прыкладання намаганняў на карысць аднаўлення непасрэдных перамоў на аснове адпаведных рэзалюцый ААН, каб садзейнічаць прыняццю мер, што дапамогуць аднаўленню ўзаемнага даверу, а таксама мець мужнасць “сказаць “так” – сустрэчы і “не” – супрацьстаянню; “так” – дыялогу” і “не” – насіллю; “так” – шчырасці” і “не” – крывадушнасці”, - да чаго заклікаў папа Францішак падчас малітвы за мір у Святой Зямлі, якая адбылася 8 чэрвеня 2014 г. у Ватыканскіх садах.
Варта нагадаць, што 20 мая 2020 г. адбылася тэлефонная размова Сакратара па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера, з Генсекам Арганізацыі вызвалення Палестыны, Саібам Эрэкатам. Палітык пажадаў паведаміць Святому Пасаду аб нядаўніх падзеях на палестынскіх тэрыторыях і аб магчымасці прымянення ў аднабаковым парадку ізраільскага суверэнітэту на частцы гэтых тэрыторый, што ставіць пад пагрозу мірны працэс.