Палітычныя лідары Ізраіля і Палестыны ў Ватыкане. Ілюстрацыйнае фота Палітычныя лідары Ізраіля і Палестыны ў Ватыкане. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад супраць аднабаковых дзеянняў на Блізкім Усходзе

Апостальская Сталіца нагадала, што аднабаковыя дзеянні могуць стварыць пагрозу для крохкай сітуацыі ў Святой Зямлі, а таксама заахвоціла да аднаўлення дыялогу паміж Ізраілем і Палестынай.

Зала Друку Святога Пасаду паведаміла, што 30 чэрвеня 2020 г. Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы, кардынал Пьетра Паралін, сустрэўся з пасламі ЗША і Ізраіля, і выказаў занепакоенасць Апостальскай Сталіцы магчымымі аднабаковымі дзеяннямі, якія могуць стварыць дадатковую пагрозу для пошуку міру паміж ізраільцянамі і палестынцамі.

У спецыяльным паведамленні Святога Пасаду падкрэсліваецца, што Ізраільская і Палестынская дзяржавы маюць права на існаванне і жыццё ў міры і бяспецы ў рамках міжнародна прызнаных межаў.

Апостальская Сталіца заклікае ўсе бакі да прыкладання намаганняў на карысць аднаўлення непасрэдных перамоў на аснове адпаведных рэзалюцый ААН, каб садзейнічаць прыняццю мер, што дапамогуць аднаўленню ўзаемнага даверу, а таксама мець мужнасць “сказаць “так” – сустрэчы і “не” – супрацьстаянню; “так” – дыялогу” і “не” – насіллю; “так” – шчырасці” і “не” – крывадушнасці”, - да чаго заклікаў папа Францішак падчас малітвы за мір у Святой Зямлі, якая адбылася 8 чэрвеня 2014 г. у Ватыканскіх садах.

Варта нагадаць, што 20 мая 2020 г. адбылася тэлефонная размова Сакратара па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера, з Генсекам Арганізацыі вызвалення Палестыны, Саібам Эрэкатам. Палітык пажадаў паведаміць Святому Пасаду аб нядаўніх падзеях на палестынскіх тэрыторыях і аб магчымасці прымянення ў аднабаковым парадку ізраільскага суверэнітэту на частцы гэтых тэрыторый, што ставіць пад пагрозу мірны працэс.
 

02 ліпеня 2020, 11:03