Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Папская акадэмія жыцця: дакумент адносна наступстваў пандэміі

“Humana communitas у эпоху пандэміі. Несвоечасовыя разважанні пра адраджэнне жыцця”: Папская акадэмія жыцця выдала дакумент на тэму наступстваў эпідэміялагічнага крызісу, выкліканага каронавірусам.

Развіваць “этыку рызыкі”, рэалізоўваць міжнароднае супрацоўніцтва і пашыраць адказную салідарнасць – вось ключавыя прынцыпы, да якіх заклікае дакумент Папскай акадэміі жыцця, другі пасля абнародаванага 30 сакавіка 2019 г. тэксту “Пандэмія і ўніверсальнае братэрства”, прысвечанага глабальнай надзвычайнай сітуацыі, выкліканай вірусам COVID-19.

Новы дакумент пачынаецца з пытання: “Якія ўрокі падала нам пандэмія?”. І асабліва: “Якое навяртанне мыслення і паводзін мы гатовыя прыняць у імя чалавечай сям’і?”.

Адказ на першае пытанне – “урок уразлівасці”, які датычыць усіх, асабліва пацыентаў у шпіталях, зняволеных у турмах, мігрантаў у лагерах бежанцаў. Аднак з гэтага ўрока вынікае яшчэ адзін: усведамленне таго, што жыццё – гэта дар. Больш за тое, пандэмія дала зразумець, што ўсё ўзаемазвязана і што “спусташэнне зямлі”, эканамічныя рашэнні, заснаваныя на прагнасці і празмерным спажыванні, “злоўжыванне ўладай і пагарда да стварэння” паўплывалі, у тым ліку, і на распаўсюджванне віруса, гаворыцца ў дакуменце.

Папская акадэмія жыцця заклікае звярнуць асаблівую ўвагу на “людскую ўзаемазалежнасць і на ўсеагульную ўразлівасць”, бо ў той час як “краіны закрылі свае межы”, а некаторыя нават распачалі “цынічную гульню ва ўзаемныя абвінавачванні”, “вірус не ведае меж”.

У дакуменце гучыць заклік да “сінергіі намаганняў”, каб дзяліцца інфармацыяй, аказваць дапамогу і аб’ядноўваць рэсурсы.

Асаблівыя высілкі неабходна прыкладаць для развіцця медыцынскіх паслуг і распрацоўкі вакцын: “адсутнасць скаардынаванасці і кааперацыі” ў гэтай сферы становіцца перашкодай у лячэнні пацыентаў з выяўленым COVID-19. Тым больш што пандэмія павялічыла разрыў паміж багатымі і беднымі краінамі. Апошнія заплацілі “больш высокую цану”, бо з самага пачатку не мелі базавых рэсурсаў, а ў дадатак часта становяцца ахвярамі іншых смяротных паталогій, сярод якіх – малярыя і сухоты.

Дакумент нагадвае пра важнасць “этыкі рызыкі”, якая б патрабавала спецыфічнай адказнасці ў дачыненні да людзей, чые здароўе, жыццё і годнасць падвяргаюцца найбольшай небяспецы. Засяроджвацца на генезісе пандэміі, не ўлічваючы эканамічную, сацыяльную і палітычную няроўнасць паміж краінамі свету – значыць не разумець важнасці абставін, якія паспрыялі яе больш хуткаму распаўсюджванню.

Папская акадэмія жыцця заклікае да “глабальных высілкаў і міжнароднага супрацоўніцтва” для забеспячэння прызнання ў якасці “ўніверсальнага чалавечага права” доступу да якаснага медыцынскага абслугоўвання і самых неабходных лекаў.

Аўтары дакумента нагадваюць пра важнасць “адказных навуковых даследаванняў”, гэта значыць, непадкупных, свабодных ад канфліктаў інтарэсаў і заснаваных на прынцыпах роўнасці, свабоды і справядлівасці.

“Карысць грамадства і ўсеагульная карысць у медыцынскай галіне павінны апярэджваць любую зацікаўленасць у прыбытку. Грамадскае вымярэнне даследаванняў не можа быць прынесена ў ахвяру на алтар прыватнай выгады”, - сцвярджаецца ў дакуменце.

Адсюль вынікае важная роля Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў заспакаенні “патрэб і хваляванняў менш развітых краін адносна пераадолення беспрэцэдэнтнай катастрофы”.

Нарэшце, Папская акадэмія жыцця заахвочвае пашыраць адказную салідарнасць, якая б прызнавала роўную годнасць усіх людзей, асабліва тых, хто жыве ў нястачы. “Кожны чалавек пакліканы рабіць свой унёсак”, вось чаму патрэбны карэктныя і празрыстыя палітычныя стратэгіі і сумленныя дэмакратычныя працэсы.

“Супольнасць адказная тады, калі цяжар мераў засцярогі і ўзаемная падтрымка падзелены паміж усімі” дзеля агульнага дабра, заўважаюць аўтары дакумента і завяршаюць разважанні заклікам да надзеі, якая б перавышала бяздзейную пакорлівасць і настальгію па мінулым: “настаў час, каб марыць і рэалізоўваць праект такога чалавечага суіснавання, якое забяспечыла б лепшую будучыню” для ўсіх.
 

22 ліпеня 2020, 11:58