Пошук

Vatican News

Святы Пасад: пандэмія паказала ўразлівасць і ўзаемасувязь людзей

“Пандэмія і ўсеагульнае братэрства” – дакумент Папскай акадэміі жыцця пад такой назвай быў абнародаваны 30 сакавіка 2020 г. у сувязі з надзвычайнай сітуацыяй, выкліканай распаўсюджваннем каронавіруса.

У ім падкрэсліваецца, што пандэмія прымушае чалавецтва прызнаць сваю ўразлівасць і ўзаемазалежнасць перад абліччам феномена, супраць якога апынуліся бяссільнымі нават навука і медыцынскія тэхналогіі.

Папская акадэмія жыцця заклікала не дапусціць узмацнення тэндэнцыі бачыць у іншым чалавеку пагрозу, ад якой трэба трымацца далей і абараняцца. Такі спосаб мыслення можа пашырыць актуальная сітуацыя. Пандэмія вымушае медыкаў у розных краінах прымаць драматычныя рашэнні, бо рэсурсаў на ўсіх не хапае. У сувязі з гэтым падкрэсліваецца, што выбар не можа грунтавацца на меркаванні аб рознай каштоўнасці і годнасці чалавечага жыцця – яна ў кожнага аднолькавая і неад’емная.

“Выбар тычыцца, хутчэй, працэдур, якія павінны выкарыстоўваюцца аптымальным чынам у адпаведнасці з патрэбамі пацыента, у адпаведнасці з цяжкасцю яго хваробы і неабходнасцю ў лячэнні, а таксама ў адпаведнасці з прагнозам – клінічнымі вынікамі, якіх можна дасягнуць з дапамогай гэтых працэдур. Узрост не можа быць адзіным і аўтаматычным крытэрыем выбару, бо інакш нам пагражае дыскрымінацыя ў адносінах да пажылых і самых слабых”, - гаворыцца ў дакуменце.

Папская акадэмія жыцця нагадала, што хворыя ні ў якім выпадку не павінны заставацца без дагляду, нават калі няма даступных спосабаў лячэння. У такіх сітуацыях трэба забяспечыць паліятыўны дагляд, аблегчыць боль і суправаджаць пацыента.

У дакуменце падкрэсліваецца, што “улады, якія маюць магчымасць цэласнага бачання ў выпадку надзвычайных сітуацый, прымаць рашэнні і кіраваць камунікацыяй, павінны стаць арыенцірам для пазбягання дэзарыентацыі, справакаванай камунікацыйнай бурай, няпэўнасцю дадзеных і фрагментарнасцю навін”.
 

31 сакавіка 2020, 14:10