Пошук

Regina Caeli: быць радаснымі сведкамі Уваскрослага Хрыста

Шукаць Уваскрослага ў Эўхарыстыі, Яго прабачэнні, малітве і жыцці міласэрнасцю, - заклікаў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Regina Caeli, якую правёў 1 красавіка 2024 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак пракаментаваў урывак з Евангелля святога Мацвея (28, 8-15), у якім гаворыцца, што жанчыны пакінулі магілу Езуса з “вялікай радасцю” і пабеглі паведаміць вучням пра Яго ўваскрасенне. Гэта радасць, якая нараджаецца ў выніку сустрэчы з Уваскрослым, была нястрымнай эмоцыяй, якая падштурхнула іх расказваць пра тое, што яны ўбачылі.

Дзяленне радасцю – гэта цудоўны досвед, якому мы вучымся з маленства: падумаем пра дзіця, якое атрымлівае добрую адзнаку і спяшаецца паказаць яе бацькам, ці пра юнака, які дасягае першых спартыўных поспехаў, або пра сям’ю, у якой нараджаецца дзіця. Давайце кожны з нас паспрабуе згадаць настолькі шчаслівы момант, што яго было цяжка выказаць словамі, але пра які нам хацелася распавесці ўсім і адразу”, - прапанаваў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што евангельскія жанчыны ў велікодную раніцу перажывалі падобны досвед, але ў значна большай ступені, бо “ўваскрасенне Езуса – гэта не толькі выдатная навіна ці радаснае заканчэнне гісторыі, але тое, што цалкам і назаўсёды змяняе наша жыццё”.

“Гэта перамога жыцця над смерцю, надзеі над адчаем. Езус прасякнуў цемру магілы і жыве вечна: Яго прысутнасць можа напоўніць святлом усё. Разам з Ім кожны дзень ператвараецца ў этап вечнага шляху, кожнае “сёння” можа спадзявацца на “заўтра”, кожны канец на новы пачатак, кожны момант скіраваны па-за межы часу, да вечнасці”, - запэўніў Пантыфік.

“Браты, сёстры, радасць Уваскрасення – гэта не нешта далёкае. Яна – блізкая, яна – наша, бо была падаравана нам у дзень хросту. Ад таго моманту таксама і мы, як жанчыны, можам сустрэць Уваскрослага і Ён кажа нам, як і ім: “Не бойцеся!”. І калі Езус, пераможца граху, страху і смерці, кажа нам не баяцца, давайце не будзем баяцца, не будзем скарацца перад жыццём без надзеі, не будзем адмаўляцца ад радасці Пасхі! Наадварот, давайце будзем умацоўваць радасць Езуса, які з’яўляецца рухавіком жыцця”, - заклікаў Святы Айцец, падкрэсліваючы, што гэта радасць сілкуецца праз сустрэчу з Уваскрослым Хрыстом.

“Таму давайце паспяшаемся шукаць Яго ў Эўхарыстыі, Яго прабачэнні, малітве, у жыцці міласэрнасцю! І не будзем забываць, што радасць Езуса ўзрастае таксама іншым чынам, як паказваюць тыя ж жанчыны: абвяшчаючы яе, даючы сведчанне пра яе, бо радасць становіцца большай, калі дзелімся ёй”, - сказаў Францішак. “Няхай Панна Марыя, якая ўзрадавалася ў Пасху з прычыны ўваскрослага Сына, дапаможа нам быць Яго радаснымі сведкамі”, - пажадаў на заканчэнне разважання Папа.
 

01 красавіка 2024, 12:07

“Уладарка неба” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць у Велікодны перыяд Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >