Пошук

Папа: справядлівасць – аснова мірнага суіснавання ў грамадстве

Без справядлівасці няма міру і агульнага дабра, падкрэсліў Пантыфік падчас агульнай аўдыенцыі, якую 3 красавіка 2024 года правёў на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак прысвяціў катэхезу цноце справядлівасці. Ён заўважыў, што гэта “дасканалая сацыяльная цнота”, якая, паводле Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, заключаецца “ў нязменнай і трывалай волі даваць іншым тое, што ім належыць”. Яна адносіцца да сферы правасуддзя і паклікана спрыяць захаванню роўнасці ў адносінах паміж людзьмі. “Яе мэта заключаецца ў тым, каб у грамадстве да кожнага адносіліся, згодна з яго годнасцю”, - сказаў Папа, дадаючы, што рэалізацыя справядлівасці патрабуе таксама дабрыні, павагі, бескарыслівасці, добразычлівасці і сумленнасці.

“Мы ўсе разумеем, што справядлівасць – гэта аснова для мірнага суіснавання ў грамадстве: свет без законаў, якія паважаюць правы, быў бы светам, у якім немагчыма жыць, ён нагадваў бы джунглі. Без справядлівасці няма міру. На самай справе, калі не паважаецца справядлівасць, узнікаюць канфлікты. Без справядлівасці ўсталёўваецца закон перавагі моцнага над слабым, а гэта несправядліва”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што справядлівасць адносіцца да вялікіх і малых спраў: яна тычыцца не толькі судовых працэсаў, але таксама этыкі нашага штодзённага жыцця. Справядлівасць дазваляе ўстанавіць шчырыя адносіны з іншым чалавекам, згодна з евангельскім прынцыпам: “Так, так”, “Не, не”. А што звыш гэтага, тое ад злога” (Мц 5,37).

“Паўпраўда, хітрыя размовы, мэта якіх увесці ў зман бліжняга, замоўчванні, якія хаваюць сапраўдныя намеры – усё гэта не адпавядае справядлівасці. Справядлівы чалавек сумленны, просты і прамалінейны, не носіць маскі, паказвае сябе такім, якім ёсць, кажа праўду. На яго вуснах часта знаходзіцца слова “дзякуй”: ён ведае, што якімі б шчодрымі мы не стараліся быць, заўсёды будзем у даўгу перад нашымі бліжнімі. Калі любім, гэта таксама таму, што напачатку палюбілі нас”, - нагадаў Папа.

Францішак адзначыў, што справядлівы чалавек адносіцца з паслухмянасцю і павагай да законаў, бо ведае, што яны з’яўляюцца бар’ерамі, якія абараняюць безабаронных ад нахабства магутных. “Справядлівы чалавек не клапоціцца толькі пра свой асабісты дабрабыт, але жадае дабра ўсяму грамадству. Ён не паддаецца спакусе думаць выключна пра сябе і дбаць пра асабістыя справы, наколькі б законна гэта не было, быццам гэта адзінае, што існуе ў свеце. Цнота справядлівасці дазваляе разумець – і закладае ў сэрца патрабаванне, – што не можа быць сапраўднага дабра для мяне, калі няма таксама дабра для ўсіх”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што справядлівы чалавек пільнуе свае паводзіны, каб яны не прычынілі шкоды іншым; просіць прабачэння, калі здзяйсняе памылку; у некаторых выпадках ахвяруе ўласным дабром, даючы яго ў распараджэнне грамадству; прагне парадку ў грамадстве, дзе менавіта людзі красяць пасаду, а не наадварот. Справядлівы – адказны і паслухмяны закону, не прыбягае да паклёпу, махлярства, ліхвярства, але трымае слова, аддае тое, што пазычыў, прызнае неабходнасць належнай аплаты працы работнікаў, прыцягваючы, такім чынам, Божую ласку і благаслаўленне не толькі на сябе, але на ўсё грамадства, у якім жыве. Такія людзі не з’яўляюцца “маралістамі, апранутымі ў шаты цэнзара”, а евангельскімі “галоднымі і прагнучымі справядлівасці”, якія мараць пра “ўсеагульнае братэрства”, і “гэтай мары, асабліва сёння, мы ўсе вельмі патрабуем”, - завяршыў катэхезу Францішак.
 

03 красавіка 2024, 10:09

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >