Пошук

Францішак: вярнуць дзецям здольнасць марыць і ўсміхацца

Дух братэрства і гасціннасці дазваляе пазнаць іншае аблічча чалавецтва, знявечанага войнамі, абыякавасцю і адкіданнем самых слабых, - перакананы Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

22 красавіка 2024 года Папа прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў генеральнага капітула Братоў хрысціянскай адукацыі з Плаэрмеля – мужчынскага інстытута кансэкраванага жыцця, заснаванага ў 1819 годзе французскім святаром, ксяндзом Жанам-Мары Рабэрам дэ Ламенэ, з мэтай евангелізацыі дзяцей і моладзі праз адукацыю.

Францішак заўважыў, што сёння гэта кангрэгацыя дзейнічае ў многіх рэгіёнах свету, дзе “бушуе галеча, беспрацоўе сярод моладзі, сацыяльныя крызісы розных відаў”. “Таму я заклікаю вас быць бацькамі для тых, да каго вы пасланы – бацькамі, якія адлюстроўваюць любячае і спагадлівае аблічча Бога. У свеце, які пастаянна змяняецца, вы шчодра служыце моладзі, будучы ўважлівымі да іх спадзяванняў і заўсёды гледзячы на Хрыста, галоўную рэгулу вашага жыцця. Ваша пакліканне падштурхоўвае вас ісці туды, куды не ідуць іншыя – на перыферыю, да людзей, якія ўтвараюць катэгорыю адрынутых, параненых жыццём і ахвяр. Няхай ваша прысутнасць стане крыніцай надзеі для многіх. Няхай у вашым духу братэрства і гасціннасці яны пазнаюць іншае аблічча чалавецтва, знявечанага войнамі, абыякавасцю і адкіданнем самых слабых. Гэтыя дзеці, гэта моладзь, гэтыя людзі таксама маюць мары, але сёння, з многіх прычын, яны разбіты. Дапамажыце ім адрадзіць свае мары, паверыць у іх і ўвасобіць іх у жыццё!”, - заклікаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што вайна пазбаўляе дзяцей усмешкі, у чым ён сам мог пераканацца, прымаючы ў Ватыкане дзяцей з краін, у якіх трываюць узброеныя канфлікты. “Працуйце, каб дапамагчы ім вярнуць здольнасць усміхацца”, - дадаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што Касцёл з’яўляецца сям’ёй, у якой усе, маючы розныя харызмы і пакліканні, супрацоўнічаюць дзеля збаўлення чалавека. “У гэтай цудоўнай таямніцы адзінства, я магу разлічваць на ваш сыноўскі давер і вашу лучнасць са служэннем Наступніка Пятра. Заахвочваю вас блізка супрацоўнічаць з дыяцэзіямі, у якіх вы здзяйсняеце місію, і з верным Божым народам; не дапускаць у сваё жыццё ніякага духу пыхі, закрытасці, падзелаў і плётак”, - сказаў Папа, нагадваючы, што “быць Касцёлам – значыць быць Божым народам згодна з вялікім планам любові Айца. Гэта значыць быць Божай закваскай сярод чалавецтва” (Evangelii gaudium, 114).

Францішак пажадаў Братам хрысціянскай адукацыі з Плаэрмеля, каб іх педагогіка заўсёды натхнялася прыкладам Багародзіцы. “Няхая Яна дапаможа вам выхоўваць у сябе імкненне да служэння, пакору, давер да Бога і радасць быцця служыцелямі Яго ласкавасці і міласэрнасці”, - завяршыў свой зварот Святы Айцец.
 

22 красавіка 2024, 10:29