Пошук

Папа: каталіцкая адукацыя паклікана адкрываць на праўду і дабро

Каталіцкая адукацыя мае заданне не толькі даваць веды, але таксама “пашыраць сэрцы” людзей і развіваць адкрытасць моладзі на ўсё праўдзівае, добрае і прыгожае, - нагадаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

1 лютага 2024 года Папа прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю каталіцкага University of Notre Dame з ЗША. Ён падзякаваў сваім гасцям за дапамогу Касцёлу ў абвяшчэнні Евангелля праз цэласную фармацыю моладзі, а таксама нагадаў, што “хрысціянская адукацыя – гэта мастацтва вядзення моладзі да паўнаты”. Ён падкрэсліў, што інтэгральнай выхаванне павінна ахопліваць розум, сэрца, рукі і дапамагаць сталенню.

Францішак адзначыў, што каталіцкія навучальныя ўстановы павінны характарызавацца міждысцыплінарным падыходам у акадэмічных даследаваннях, разуменнем важнасці гармоніі паміж верай і розумам і ўсведамленнем “значнасці хрысціянскага паслання для ўсіх сфер жыцця, асабістага і сацыяльнага”. Як наступства, усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу пакліканы цаніць “багацце каталіцкай інтэлектуальнай традыцыі”.

Святы Айцец згадаў, што заданне каталіцкіх універсітэтаў – не толькі развіваць інтэлект студэнтаў, але таксама “пашыраць сэрцы”. Таму важна з мужнасцю і павагай суправаджаць моладзь на сцежках жыцця і “дапамагаць развіваць адкрытасць на ўсё, што з’яўляецца праўдзівым, добрым і прыгожым”.

“Гэта патрабуе ўстанаўлення шчырых адносін паміж выкладчыкамі і студэнтамі, каб маглі разам ісці і разумець пытанні, патрэбы і самыя глыбокія мары жыцця. Гэта значыць таксама развіваць дыялог і культуру сустрэчы, каб усе маглі навучыцца распазнаваць, цаніць і любіць кожнага, як брата і сястру, а ў першую чаргу, як умілаванае Божае дзіця. У сувязі з гэтым мы не можам забываць пра вельмі важную ролю рэлігіі ў выхаванні сэрцаў людзей”, - сказаў Папа, нагадваючы, што Евангелле здольнае перамяняць грамадства, даваць усім надзею і сілу, неабходную для мудрага адказу на выклікі нашага часу.

Францішак адзначыў, што каталіцкая адукацыя скіравана, між іншым, на будаванне лепшага свету, навучаючы мірнаму суіснаванню, братэрскай салідарнасці і міру. “Мы не можам заставацца закрытымі за мурамі ці межамі нашых устаноў, але павінны намагацца выходзіць у напрамку перыферый, каб сустракаць Хрыста і служыць Яму ў нашым блізкім”, - падкрэсліў Святы Айцец.
 

01 лютага 2024, 09:38