Пошук

Папа Францішак і шэйх Ахмед Аль-Таеб Папа Францішак і шэйх Ахмед Аль-Таеб  (AFP or licensors)

Папа: чалавечае братэрства немагчыма без адкрытасці на Айца

У многіх частках свету “наступствы адсутнасці братэрскай салідарнасці” выклікаюць “знішчэнне навакольнага асяроддзя” і “сацыяльную дэградацыю”, - зазначыў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак скіраваў пасланне з нагоды Міжнароднага дня агульначалавечага братэрства і пяцігоддзя Дэкларацыі аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні, якую падпісаў 4 лютага 2019 года ў сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, горадзе Абу-Дабі, разам з імамам універсітэта Аль-Азхар, шэйхам Ахмедам Аль Таебам.

Папа адрасаваў ліст егіпецкаму суддзі Махамеду Абдэльсаламу, Генеральнаму сакратару Прэміі Заіда Чалавечае братэрства і Мусульманскай рады старэйшын. Яго зачытаў кардынал Мігель Анхель Аюса Гішот, прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу, падчас сустрэчы палітычных, грамадскіх і рэлігійных лідараў розных веравызнанняў, якая праходзіць у Доме сям’і Абрагама ў Абу-Дабі.

Кульмінацыяй асамблеі будзе ўручэнне Прэміі Заіда, якое пройдзе ўвечары 5 лютага. Сёлета лаўрэатамі ўзнагароды сталі: інданезійскія арганізацыі Nahdlatul Ulama і Muhammadiyah, егіпецкі кардыёхірург Магдзі Якуб і чылійская каталіцкая манахіня, сястра Нэлі Ліён.

Святы Айцец выказаў пажаданне, каб новая сусветная супольнасць была, між іншым, пазначана каштоўнасцямі, бачнымі ў дзейнасці сёлетніх пераможцаў Прэміі: талерантнай любоўю да тых, хто адрозніваецца; шчырай увагай да бедных і хворых, асабліва да дзяцей; і жаданнем дапамагаць рэабілітацыі вязняў і іх вяртанню ў грамадства. Усе пераможцы Прэміі “праліваюць важнае святло на шлях да большай сацыяльнай салідарнасці і братэрскай любові”, - дадаў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што “ніякіх індывідуальных намаганняў не будзе дастаткова для таго, каб прасоўвацца наперад па гэтым шляху”. Спасылаючыся на сваю энцыкліку Fratelli tutti, ён нагадаў, што “без адкрытасці на Айца ўсіх людзей не будзе трывалых і стабільных матываў для закліку да братэрства”, бо “розум сам па сабе можа ўсвядоміць роўнасць паміж людзьмі i наладзіць грамадзянскае суіснаванне паміж імі, аднак не здольны ўстанавіць братэрства”.

Пантыфік запэўніў у малітве аб тым, каб усе ўдзельнікі святкавання Міжнароднага дня агульначалавечага братэрства “маглі быць падтрыманы не толькі прыкладам добрых спраў пераможцаў Прэміі”, але таксама “рэлігійнымі перакананнямі, якія абудзілі ў іх сэрцах вялікую шчодрасць”. Папа пажадаў, каб людзі, якія пакутуюць, маглі “пазнаць блізкасць і клопат вернікаў з усяго свету”.
 

04 лютага 2024, 11:11