Пошук

Францішак і Бэнэдыкт XVI Францішак і Бэнэдыкт XVI 

Францішак падзяліўся ўспамінамі пра Бэнэдыкта XVI у новай кнізе

“У нас з Бэнэдыктам былі вельмі глыбокія адносіны, я хачу, каб гэта было вядома, і я хачу, каб гэта было вядома без пасярэднікаў”, - адзначыў Папа ў новай кнізе, якая пабачыць свет праз некалькі месяцаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак расказаў пра свае адносіны з Бэнэдыктам XVI у інтэрв’ю іспанскаму ватыканісту і рымскаму карэспандэнту тэлеканала ABC Хаўеру Марцінасу-Бракалю. 3 красавіка 2024 года яно выйдзе асобнай кнігай на іспанскай мове пад назвай Наступнік. Мае ўспаміны пра Бэнэдыкта XVI (El sucesor. Mis recuerdos de Benedicto XVI). 

На старонках выдання Папа распавядае, што з Бэнэдыктам XVI яго лучыла сяброўства, якое ўзнікла вельмі даўно, калі яны абодва яшчэ былі кардыналамі падчас доўгага пантыфікату Яна Паўла ІІ. Ён падзяліўся многімі ўспамінамі, у тым ліку пра дзень, калі Ёзэф Ратцынгер абвясціў аб адстаўцы з пасады Біскупа Рыма.

“У нас з Бэнэдыктам былі вельмі глыбокія адносіны, я хачу, каб гэта было вядома, і я хачу, каб гэта было вядома без пасярэднікаў. Ён быў чалавекам, які меў адвагу падаць у адстаўку і з таго моманту працягваў суправаджаць Касцёл і свайго наступніка”, - зазначыў Святы Айцец.

Францішак прызнаўся, што шчыра абмяркоўваў з Бэнэдыктам XVI розныя праблемы. “Мы гаварылі пра ўсё, вельмі свабодна. Калі я казаў яму пра якія-небудзь цяжкасці, ён адказаў: “Ну, трэба ўлічваць тое і іншае”. Ён заўсёды пашыраў кругагляд. У яго была здольнасць пашырыць перспектыву, каб дапамагчы мне прыняць правільнае рашэнне. Ён ніколі не казаў: “Я не згодны”. Памятаю, што замест гэтага ён казаў: “Гэта добра. Але трэба ўлічваць і іншы аспект...”. Ён пашыраў кругагляд, заўсёды пашыраў...”, - падзяліўся Пантыфік.
 

09 лютага 2024, 10:23