Пошук

Анёл Панскі: не дазваляць спакусам зла закранаць сябе

Змагацца са сваімі бязладнымі страсцямі і вітаць добрыя думкі і памкненні заклікаў Папа перад малітвай Анёл Панскі, якую правёў 18 лютага 2024 года ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Спасылаючыся на евангельскі ўрывак першай нядзелі Вялікага посту пра выпрабаванне Езуса ў пустыні (Мк 1,12-15), Папа сказаў: “Мы таксама запрошаны ў Вялікі пост увайсці ў пустыню, гэта значыць у цішыню, ва ўнутраны свет, у слуханне сэрца, у кантакт з ісцінай. У пустыні "быў Ён са звярамі, і анёлы служылі Яму" (Мк 1, 13), гаворыцца ў сённяшнім Евангеллі”. “Яго спадарожнікамі былі звяры і анёлы. У сімвалічным сэнсе, яны таксама і нашы спадарожнікі: насамрэч, калі мы ўваходзім ва ўнутраную пустыню, то можам сустрэць там звяроў і анёлаў.

У духоўным жыцці звяры сімвалізуюць нашы бязладныя страсці, якія падзяляюць сэрца, спрабуючы авалодаць ім. Яны вабяць нас, здаюцца прывабнымі, але, калі мы губляем пільнасць, могуць разарваць нас на часткі. Гэтыя духоўныя звяры маюць назвы: розныя заганы, прага багацця, якая заганяе нас у кут разліку і незадаволенасці, імкненне да прыемнасцяў, якое вядзе да мітусні і адзіноты, прагнасць славы, якая спараджае няўпэўненасць у сабе і пастаянную патрэбу ў пацверджанні і вядомасці, і гэтак далей. “Гэта дзікія звяры, таму іх неабходна прыручаць і з імі трэба змагацца, інакш яны паглынуць нашу свабоду. Трэба адправіцца ў пустыню, каб усвядоміць іх прысутнасць і сустрэцца з імі тварам да твару. Вялікі пост – самы зручны час для гэтага”, - зазначыў Святы Айцец.

Анёлы – гэта пасланцы Божыя, якія дапамагаюць нам, нясуць нам дабро. Сапраўды, іх адметнай рысай, паводле Евангелля, з'яўляецца служэнне (пар. Мк 1,13), цалкам супрацьлеглае валоданню, тыповаму для заганаў, пра якія мы казалі раней. Анёлы нагадваюць пра добрыя думкі і пачуцці, выкліканыя Святым Духам”. У той час як спакусы разрываюць нас на часткі, добрыя Боскія памкненні аб'ядноўваюць нас у гармоніі, супакойваюць сэрца, вяртаюць у душу парадак і спакой, незалежна ад жыццёвых абставінаў, спрыяльных або неспрыяльных. “Аднак і тут, каб улавіць думкі і пачуцці, натхнёныя Богам, трэба памаўчаць і пагрузіцца ў малітву. Вялікі пост – самы зручны час для гэтага”, - нагадаў Папа.

Папа заклікаў вернікаў, якія адпраўляюцца ў велікапостнае падарожжа, задаць сабе два пытанні: якія бязладныя страсці, звяры, бушуюць у маім сэрцы? Каб голас Божы мог прамаўляць у маім сэрцы і ахоўваць яго, ці думаю я пайсці ў пустыню, знайсці час для цішыні, малітвы, адарацыі, слухання Слова Божага? Францішак заклікаў памаліцца да Дзевы Марыі, якая стрымала слова і не дазволіла спакусам зла закрануць сябе, каб дапамагла нам на гэтым шляху.

18 лютага 2024, 12:13

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >