Пошук

Пантыфік: здольнасць дзівіцца – сакрэт добрага сямейнага жыцця

Бог, якога мы часта ўяўляем далёкім ад нашых праблем, прыйшоў, каб пасяліцца ў нашым жыцці з усімі яго складанасцямі, - нагадаў Пантыфік перад малітвай Анёл Панскі, якую правёў 31 снежня 2023 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак пракаментаваў літургічны евангельскі ўрывак на свята Святой Сям’і – Езуса, Марыі і Юзафа (Лк 2,22-40). У ім расказваецца, як бацькі Хрыста прыйшлі ў ерузалемскую святыню, каб прадставіць Дзіцятка Пану. Евангеліст звяртае ўвагу таксама на беднасць Святой Сям’і: у храме яны прынеслі ў ахвяру самыя простыя дары з усіх магчымых.

“Гэта выклікае здзіўленне: як жа – сям’я Езуса, адзіная сям’я ў гісторыі, якая можа пахваліцца прысутнасцю ў сабе Бога ў плоці і крыві, замест таго, каб быць багатай, з’яўляецца беднай! Замест таго, каб атрымліваць палёгкі, здаецца сустракаецца з перашкодамі! Замест таго, каб быць пазбаўленай праблем, занурана ў цяжкія пакуты!”, - сказаў Пантыфік.

Францішак патлумачыў, што, насамрэч, ва ўсім гэтым ёсць цудоўнае пасланне для сем’яў: яно кажа, што Бог, якога мы часта ўяўляем далёкім ад нашых праблем, прыйшоў, каб пасяліцца ў нашым жыцці з усімі яго складанасцямі.

“Ён збавіў нас такім чынам: не прыйшоў ужо дарослым, але маленечкім; жыў у сям’і, як сын маці і бацькі; правёў у ёй большую частку свайго часу, узрастаючы, навучаючыся, ведучы жыццё, якое складаецца з будзённасці, непрыкметнасці і цішыні. Ён не пазбегнуў цяжкасцей, а наадварот, выбраўшы сям’ю “дасведчаную ў пакутах”, Ён кажа нашым сем’ям: “Калі знаходзіцеся ў складанай сітуацыі, Я ведаю, што вы адчуваеце, Я гэта перажыў: Я, Мая маці і бацька, мы перажылі гэта, каб сказаць вашай сям’і: вы не самі!”, - запэўніў вернікаў Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што Марыя і Юзаф дзівіліся таму, што было сказана пра Езуса ў святыні. “Здольнасць дзівіцца – гэта сакрэт добрага сямейнага жыцця”, - сказаў ён, дадаючы, што ў першую чаргу трэба быць здольнымі дзівіцца Богу, але таксама важна ўмець дзівіцца ў сям’і, напрыклад, уласнаму сужонку, “узяўшы яго ўвечары за руку і пяшчотна паглядзеўшы яму ў вочы”.

“А таксама дзівіцца цуду жыцця, дзецям, знаходзячы час для таго, каб пагуляць з імі і выслухаць іх... А яшчэ дзівіцца мудрасці бабуль і дзядуль: вельмі часта мы выключаем іх з нашага жыцця. Гэта не правільна, бабулі і дзядулі з’яўляюцца крыніцай мудрасці”, - падкрэсліў Папа.

Францішак заклікаў быць здольнымі дзівіцца “ўласнай гісторыі любові” і ўласнаму жыццю, у якім, безумоўна, ёсць негатыўныя аспекты, але таксама дабрыня Бога, які ідзе побач з намі. “Няхай Марыя, Каралева сем’яў, дапаможа нам дзівіцца, кожны дзень захапляцца дабром і ўмець навучаць іншых прыгажосці здзіўлення”, - заклікаў на заканчэнне свайго разважання Святы Айцец.
 

31 снежня 2023, 13:14

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >