Пошук

Анёл Панскі: быць сведкамі святла Езуса

Вучыцца сведчыць пра святло на прыкладзе Яна Хрысціцеля, - пажадаў Папа вернікам на малітве Анёл Панскі ў трэцюю нядзелю Адвэнту, 17 снежня 2023 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Евангелле распавядае нам пра Яна Хрысціцеля, як прарока, пасланага Богам, каб "засведчыць пра святло" (пар. Ян 1, 6-8), - нагадаў Францішак, заклікаючы вернікаў паразважаць над тым, што значыць сведчыць і святло.

“Ян Хрысціцель, безумоўна, незвычайны чалавек. Людзі сцякаюцца паслухаць яго, прыцягнутыя яго ладам жыцця, паслядоўным і шчырым. Яго сведчанне выяўляецца ў шчырасці яго мовы, сумленнасці яго паводзін, аскетызме яго жыцця. Усё гэта адрознівае яго ад іншых вядомых і ўплывовых людзей таго часу, якія надавалі шмат увагі знешнасці. Такія сумленныя, свабодныя і мужныя людзі, як ён, – постаці яркія, чароўныя. Яны натхняюць нас на тое, каб узняцца над пасрэднасцю і, у сваю чаргу, стаць прыкладам добрага жыцця для іншых. Пан пасылае такіх мужчын і жанчын у кожную эпоху. Ці ўмеем мы распазнаваць іх?” – запытаў Святы Айцец, запрашаючы вернікаў вучыцца на іх прыкладзе і не дазваляць сабе “зачароўвацца моднымі персанажамі”.

На думку Пантыфіка, Ян Хрысціцель светлы таму, што сведчыць пра святло. Святло – гэта Езус, які адкупае, вызваляе, ацаляе і прасвятляе. Вось чаму Ян Хрысціцель – голас, які суправаджае братоў да Слова Божага. “Ян Хрысціцель – светач, а святло – гэта Хрыстус (пар. Ян 5,35)”, - нагадаў Папа.

Прыклад Яна Хрысціцеля вучыць нас, прынамсі, дзвюм рэчам. Па-першае таму, што толькі ў Богу мы знаходзім святло нашага жыцця. Па-другое таму, што кожны з нас, дзякуючы свайму служэнню, паслядоўнасці, пакоры, сведчанню, можа стаць светачам, які свеціць і дапамагае іншым знайсці шлях да Езуса, - сказаў Святы Айцец.

Папа заклікаў вернікаў спытаць сябе: ці магу я, у тым асяроддзі, дзе жыву, не калі-небудзь у далёкай будучыні, а ўжо цяпер, у гэтае Божае нараджэнне, быць сведкам святла, сведкам Хрыста?

“Няхай Марыя, люстэрка святасці, дапамагае нам быць мужчынамі і жанчынамі, якія адлюстроўваюць Езуса, святло, якое прыходзіць у свет”, - пажадаў Францішак.

17 снежня 2023, 12:20

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >