Пошук

Святы Айцец наведаў духавенства і бедных на ўскраіне Рыма

Увечары 16 лістапада 2023 года Францішак здзейсніў візіт у рымскую парафіі Найсвяцейшай Марыі Маці Гасціннасці, якая знаходзіцца на ўсходзе горада, у адной з самых аддаленых ускраін італьянскай сталіцы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец сустрэўся з духавенствам, якое працуе ў гэтай частцы Рыма, а затым адведаў дабрачынны цэнтр для сем’яў у нястачы. Размова Папы са святарамі працягвалася амаль паўтары гадзіны. У ёй бралі ўдзел каля сарака пастыраў з парафій на ўсходзе Рымскай дыяцэзіі, шпітальных і ўніверсітэцкіх капеланаў.

Францішак спачатку правёў некаторы час на малітве ў парафіяльнай капліцы, а затым паразмаўляў са святарамі і адказаў на іх пытанні, якія тычыліся розных праблем: евангелізацыі, сакрамэнтаў, клопату пра самыя бедныя і неабароненыя слаі грамадства.

Пантыфік заахвоціў пастыраў працягваць рабіць дабро, прабываць сярод людзей, пастаянна абвяшчаць Евангелле, нават калі гэта нялёгка, а таксама захоўваць сінадальны стыль, які прадугледжвае пастаяннае супрацоўніцтва паміж свецкімі і святарамі.

Пасля дыялогу са святарамі Святы Айцец адведаў парафіяльны цэнтр Вёска гасціннасці, у якім знайшлі прытулак і дапамогу бедныя сем’і, мігранты і людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Папа цёпла прывітаў кожнага жыхара гэтай структуры, у тым ліку сям’ю бежанцаў з Украіны, выказаў ім сваю блізкасці і падзякаваў парафіянам і валанцёрам за клопат пра людзей у патрэбе.
 

17 лістапада 2023, 08:31