Пошук

Папа сустрэўся з групай святароў у парафіі на ўскраіне Рыма

28 верасня 2023 года Святы Айцец на некалькі гадзін пакінуў Ватыкан, каб наведаць парафію Санта-Марыя-Дэла-Салютэ, якая знаходзіцца ў раёне Прымавале на ўскраіне Рыма.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Візіт Францішка прайшоў у другой палове дня і не быў прадугледжаны афіцыйнай праграмай публічных падзей з яго ўдзелам. Зала Друку Апостальскай Сталіцы паінфармавала, што там Пантыфіка прывітаў дапаможны біскуп Рымскай дыяцэзіі Бальда Рэйна, пробашч парафіі і вікарый, а затым Папа паразмаўляў з групай з каля 35 святароў, якія нясуць служэнне ў заходняй частцы Рыма.

Біскуп Рэйна падзяліўся, што сустрэча і дыялог са Святым Айцом прайшлі ў шчырай і братэрскай атмасферы. Былі абмеркаваны душпастырскія выклікі, звязаныя з праблемамі раёна, у якім – па словах італьянскага іерарха, – відавочныя “цяжкасці моладзі і сацыяльнае адчужэнне, але дзе жыве шмат людзей добрай волі”.

У спецыяльным паведамленні пра візіт, якое абнародавала Рымская дыяцэзія, заўважаецца, што Францішак вырашыў наведаць гэту частку горада, бо нядаўна там адбыліся дзве трагічныя падзеі: у чэрвені 17-гадовая дзяўчына была жорстка забіта сваім аднагодкам, а ў верасні ахвярай свайго былога партнёра стала 52-гадовая жанчына.
 

29 верасня 2023, 07:43