Пошук

Францішак і Барталамей I падчас сустрэчы ў Ватыкане. Архіўнае фота Францішак і Барталамей I падчас сустрэчы ў Ватыкане. Архіўнае фота  (Vatican Media)

Пантыфік напісаў да Патрыярха Канстанцінопальскага

Мы горача молімся, каб спынілася бразганне зброяй, якое прыносіць толькі смерць і разбурэнне, і каб дзяржаўныя і рэлігійныя лідары шукалі шлях дыялогу і прымірэння, - напісаў Папа ў пасланні да Патрыярха Канстанцінопальскага.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Нагодай стала ўрачыстасць святога апостала Андрэя, нябеснага заступніка і абаронцы Канстанцінопальскай Царквы. “Рухомы сардэчнымі пачуццямі братэрскай любові і памятаючы аб глыбокіх сувязях веры, надзеі і любові, якія аб’ядноўваюць Цэрквы-сёстры Рыма і Канстанцінопаля, шлю табе, дарагі Брат у Хрысце, сардэчныя пажаданні”, - гаворыцца ў пасланні Францішка.

Святы Айцец згадаў сустрэчу ў Іерусаліме Папы Паўла VI і Патрыярха Афінагора ў студзені 1964 года, якая “стала фундаментальным крокам наперад у разбурэнні бар’ера непаразумення, недаверу і нават варожасці, які існаваў на працягу амаль тысячагоддзя”.

На яго думку, “усе сапраўдныя шляхі да аднаўлення поўнай камуніі паміж вучнямі Хрыста характарызуюцца асабістым кантактам і разам праведзеным часам”, “супольнай малітвай і сумеснай дзейнасцю ў служэнні чалавецтву, асабліва тым, хто пацярпеў ад беднасці, насілля і эксплуатацыі”.

“Няхай святыя апосталы Пётр і Андрэй заступаюцца за ўсе народы і выпрошваюць для іх дары братэрскай еднасці і міру”, - завяршыў сваё пасланне Францішак.
 

30 лістапада 2023, 12:09