Пошук

Анёл Панскі: быць сумленнымі ў веры хрысціянамі

Францішак перасцярог ад крывадушнасці, якая вядзе да дэмаралізаванасці. Ён узначаліў малітву Анёл Панскі, якая сабрала 1 кастрычніка 2023 года на плошчы святога Пятра дзясяткі тысяч вернікаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец спаслаўся на фрагмент Евангелля, які чытаецца ў ХХVI Звычайную нядзелю, пра двух сыноў, якіх бацька просіць пайсці працаваць у вінаградніку (Мц 21, 28-32). Адзін з іх адразу адказвае так, але потым не ідзе. Другі спачатку адмаўляецца, але потым адумваецца і ідзе.

Каментуючы гэтую сцэну, Папа падкрэсліў важнасць сумленнасці ў жыцці веры. Таму што сын, які кажа так, але не ідзе, з’яўляецца не толькі грэшнікам, але і дэмаралізаваным чалавекам, таму што лёгка хлусіць, каб прыкрыць і замаскіраваць сваю непаслухмянасць, не пагаджаючыся ні на дыялог, ні на шчырую размову.

Другі сын, які кажа не, але потым ідзе, наадварот, – сумленны. Ён бярэ на сябе адказнасць за свае паводзіны і дзейнічае адкрыта. Гэта сумленнасць дазваляе яму апамятацца і вярнуцца на правільны шлях. “Можна сказаць, што ён грэшнік, але ён не дэмаралізаваны чалавек. А для грэшніка заўсёды ёсць надзея на адкупленне; дэмаралізаванаму гэта значна складаней. Бо яго фальшывае так, яго элегантная, але крывадушная знешнасць і яго выдумкі, якія сталі звычкай, падобныя на тоўстую сцяну маўчання, за якой ён абараняе сябе ад згрызот сумлення”, - звярнуў увагу Папа.

Святы Айцец заахвоціў вернікаў, чытаючы гэты евангельскі ўрывак, задумацца над сваім стаўленнем. “Няхай Марыя, люстэрка святасці, дапамагае нам быць сумленнымі хрысціянамі”, - пажадаў Францішак перад тым, як прачытаць малітву Анёл Панскі і ўдзяліць апостальскае благаслаўленне.
 

01 кастрычніка 2023, 12:34

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >