Пошук

Пантыфік: сацыяльнае рабства караніцца ў рабстве граху

Падчас агульнай аўдыенцыі 20 верасня 2023 года Папа распавёў пра сведчанне святога Даніэля Камбоні (1831-1881), місіянера ў Афрыцы, які заклікаў Касцёл клапаціцца пра бедных, знаходзячы ў гэтым крыніцу запалу да евангелізацыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Цытуючы шэраг выказванняў Камбоні, Святы Айцец падкрэсліў яго любоў да Бога і афрыканцаў. “Ён зразумеў зло рабства. Ён таксама зразумеў, што сацыяльнае рабства караніцца ў больш глыбокім рабстве, рабстве сэрца, рабстве граху, ад якога вызваляе нас Пан. Таму, як хрысціяне, мы пакліканы змагацца супраць усіх форм рабства”, - сказаў Францішак. Ён заклікаў спыніць рабаўніцкую эксплуатацыю афрыканскага кантынента.

Камбоні разумеў, што “неабходна выратаваць Афрыку праз Афрыку”. “Ён хацеў зрабіць усіх хрысціян актыўнымі ўдзельнікамі евангелізацыйнай дзейнасці. У гэтым духу ён думаў і дзейнічаў інтэгральна, залучаючы мясцовае духавенства і спрыяючы служэнню свецкіх катэхетаў”, - нагадаў Святы Айцец.

Францішак звярнуў увагу на неабходнасць развіваць веру і клапаціцца аб развіцці чалавека ў місіянерскім асяроддзі, а не пераносіць знешнія мадэлі або абмяжоўвацца бясплоднай сацыяльнай дапамогай.

Ён звярнуў увагу на тое, што апостальскі запал нараджаецца перш за ўсё з радасці Евангелля, чэрпае з любові Хрыста і вядзе да любові Хрыста. “Таму крыніцай місіянерскіх здольнасцей Камбоні з’яўляецца любоў, а асабліва энтузіязм зрабіць пакуты іншых сваімі ўласнымі, адчуць іх на ўласнай скуры і ведаць, як іх аблегчыць”, - звярнуў увагу Пантыфік. Ён дадаў, што святы заўсёды дзейнічаў у супольнасці вернікаў, у Касцёле.

“Яго запал у супрацьстаянні абыякавасці і выключэнню быў энергічны і прарочы. У сваіх лістах ён шчыра папракаў улюбёны Касцёл у тым, што занадта доўга не памятае пра Афрыку. Мара Камбоні – гэта Касцёл, які з'яўляецца агульнай справай з укрыжаванымі ў гісторыі, каб перажыць з імі ўваскрасенне. Яго сведчанне нібы паўтарае ўсім нам, людзям Касцёла: “Не забывайце пра бедных, любіце іх, бо ў іх укрыжаваны Езус, Які чакае ўваскрасення”, - сказаў Святы Айцец на заканчэнне сваёй катэхезы.
 

20 верасня 2023, 10:15

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >