Пошук

Анёл Панскі: настаўляць брата без крыўды і казаць яму ў твар

Аб неабходнасці шукаць карысці для іншага ў прымяненні братэрскага настаўлення казаў Святы Айцец 10 верасня 2023 года ў разважанні перад нядзельнай малітвай Анёл Панскі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Менавіта гэтаму аспекту ўзаемаадносін паміж хрысціянамі прысвечаны фрагмент Евангелля, які чытаецца ў ХХІІІ Звычайную нядзелю года А (Мц 18, 15-20).

Напачатку Францішак звярнуў увагу на тое, што калі брат па веры вінаваты, а мы настаўляем яго без крыўды, то дапамагаем яму. На жаль, замест гэтага мы часта звяртаемся да плётак, якія псуюць жыццё асобных людзей і супольнасцей. Яны выклікаюць падзелы, пакуты і скандалы, ніколі не дапамагаюць у выпраўленні і асабістым росце.

Святы Айцец, спасылаючыся на ўказанні Езуса, Які найперш кажа прымірыцца сам-насам, падкрэсліў, што гаворка ідзе пра карысць чалавека, які ўчыніў крыўду. Ён дадаў, што сапраўдная мужнасць заключаецца ў тым, каб мякка і добразычліва казаць чалавеку ў твар.

Каментуючы словы аб наступным этапе, калі неабходна ўзяць “яшчэ аднаго ці двух” (Мц 18, 16), Папа звярнуў увагу на тое, што гаворка ідзе пра людзей, якія сапраўды хочуць дапамагчы брату або сястры, якія заблыталіся.

Нарэшце, кажучы пра неабходнасць вынесці справу на разгляд супольнасці, Францішак падкрэсліў, што справа не ў тым, каб выстаўляць вінаватага на ганьбу. “Наадварот, супольнасць павінна даць яму адчуць, што, асуджаючы памылку, яна блізкая малітвай і любоўю, заўсёды гатовая прабачыць і даць пачаць нанова”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак заахвоціў вернікаў задумацца над тым, як яны ставяцца да людзей, якія прычынілі ім боль. “Няхай Марыя, якая не перастала любіць нават тады, калі чула, як людзі асуджаюць яе Сына, дапаможа нам заўсёды шукаць шлях дабра”, - заахвоціў на заканчэнне разважання Папа.
 

10 верасня 2023, 12:32

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >