Пошук

Пантыфік: служэнне бліжняму і праслаўленне Бога – шлях да неба

Панна Марыя, якая сваім жыццём вучыць служэнню і праслаўленню Бога, была ў цэнтры разважання Святога Айца перад малітвай Анёл Панскі, якая 15 жніўня 2023 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Евангелле на ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, паказвае як Багародзіца ўздымаецца ў “горную краіну”, каб дапамагчы сваёй сваячцы Альжбеце і там узносіць да Бога радасны спеў Магніфікат. Божае слова паказвае нам, што характарызуе Марыю ў той час як Яна ўзносіцца: служэнне бліжняму і праслаўленне Бога”, - зазначыў Папа.

Францішак нагадаў, што таксама і жыццё Хрыста было шляхам угару, да Ерузалема, да месца дзе Ён прынёс сябе ў дар на крыжы. “Езус і Марыя праходзяць той жа самы шлях: два жыцця, якія ўздымаюцца ўгару, праслаўляючы Бога і служачы братам (...); два жыцця, якія перамагаюць смерць і ўваскрасаюць; два жыцця, таямніцай якіх з’яўляюцца служэнне і праслаўленне. Давайце спынімся на гэтых двух аспектах”, - заахвоціў вернікаў Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў, што калі мы прыніжаемся, каб служыць братам, тады, насамрэч, уздымаемся, бо любоў уздымае жыццё. Ён нагадаў, што служыць бліжнім і клапаціцца пра іх нялёгка: нярэдка гэта патрабуе вялікіх штодзённых намаганняў, ахвяравання часу і сну, гатоўнасці дапамагаць бескарысліва. “Гэта цяжка, але гэта ўздыманне ўверх, гэта здабыццё Неба!”, - запэўніў Францішак.

Святы Айцец папярэдзіў, што без праслаўлення Бога служэнне рызыкуе стаць бясплодным. Ён заўважыў, што калі Марыя ўвайшла у дом Альжбеты, Яна славіла Пана: не казала пра сваю стомленасць ад дарогі, але з Яе сэрца вырываўся радасны спеў, “бо хто любіць Бога, той умее праслаўляць”. Папа адзначыў, што з візітам Марыі адбыўся “вадапад праслаўлення”: дзіця ўзварухнулася ад радасці ва ўлонні Альжбеты, якая прамаўляла словы “першага благаслаўлення”: “Шчаслівая тая, якая паверыла”; а завяршылася ўсё на Марыі, якая спявала Магніфікат.

“Праслаўленне ўмацоўвае радасць. Праслаўленне падобнае да лесвіцы: яно ўздымае сэрцы высока. Праслаўленне ўздымае настрой і перамагае спакусу апусціць рукі... Як добра кожны дзень хваліць Бога, а таксама іншых людзей! Як добра жыць з удзячнасцю і благаслаўленнем, а не са шкадаваннем і скаргамі, уздымаць позірк угару, а не хмурыцца і наракаць”, - дадаў Святы Айцец, падкрэсліваючы, што праслаўленне – гэта прыкмета духоўнага здароўя.

Пантыфік заклікаў вернікаў адказаць для сябе на шэраг пытанняў: “Ці выконваю я сваю працу і штодзённыя абавязкі ў духу служэння? Ці прысвячаю я сябе камусьці бескарысліва, не шукаючы імгненнай выгады? Адным словам, ці раблю са служэння “трамплін” свайго жыцця? І, думаючы пра праслаўленне: Ці ўмею я, як Марыя, радавацца ў Богу? Ці малюся, благаслаўляючы Пана? І, праславіўшы Яго, ці распаўсюджваю Яго радасць сярод людзей, якіх сустракаю?”.

“Няхай наша Маці, Унебаўзятая, дапаможа нам кожны дзень узносіцца вышэй праз служэнне і праслаўленне”, - пажадаў Святы Айцец на заканчэнне разважання перад нядзельнай малітвай Анёл Панскі.
 

15 жніўня 2023, 12:14

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >