Пошук

Францішак: цяжкасці – нагода сустрэцца з Езусам

У цёмныя хвіліны нашага жыцця Езус выходзіць насустрач нам, просячы нас прыняць Яго, - сказаў Пантыфік перад малітвай Анёл Панскі, якая 13 жніўня 2023 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Францішак пракаментаваў літургічны евангельскі ўрывак пра тое, як Езус ішоў па водах Галілейскага возера насустрач сваім вучням, што здзяйснялі пераправу ноччу на чоўне. “Чаму Езус зрабіў гэты ўчынак? Можа таму, што была тэрміновая і раптоўная патрэба дапамагчы сваім, якія не маглі выплыць з-за сустрэчнага ветру? – Але ўсё гэта задумаў сам Езус: Ён прымусіў іх выплыць вечарам, нават, як гаворыцца ў тэксце, загадаўшы ім. Можа, каб паказаць ім веліч і магутнасць? – Але гэта не ўласціва Яму. Навошта Ён зрабіў гэта?”, - прапанаваў паразважаць Пантыфік.

Святы Айцец адзначыў, што за хаджэннем Езуса па вадзе ёсць пасланне, якое не адразу зразумелае: “У тыя часы, агромністыя водныя прасторы лічыліся месцам прабывання цёмных сіл, непадуладных чалавеку; бездані, асабліва ўсхваляваныя бурай, былі сімвалам хаосу і нагадвалі пра пякельную цемру”.

Папа адзначыў, што вучні Хрыста апынуліся пасярод возера ў цемры: яны баяліся патануць, баяліся, што зло зацягне іх. “І тут з’явіўся Езус, які крочыў па вадзе, гэта значыць над гэтымі сіламі зла, і сказаў сваім: “Будзьце адважнымі, гэта Я; не бойцеся!”. Вось сэнс знака: сілы зла, якія нас палохаюць і над якімі мы не можам панаваць, змяншаюцца з Езусам. Ён, ідучы па вадзе, хоча сказаць нам: “Не бойцеся, Я пакладу пад ногі ворагаў вашых”: не людзей – не яны ворагі, а смерць, грэх, д’ябла: гэтых ворагаў Ён топча дзеля нас”, - патлумачыў Францішак.

“Хрыстус сёння паўтарае кожнаму з нас: “Будзьце адважнымі, гэта Я; не бойцеся!”. Будзьце адважнымі, бо Я побач, бо ты не адзін на неспакойных водах жыцця”, - дадаў Папа, заклікаючы вернікаў задумацца: “Што рабіць, калі знаходзімся ў адкрытым моры, аддадзеныя на ласку сустрэчным вятрам? Што рабіць калі баімся, калі бачым толькі цемру і адчуваем сябе згубленымі? – Мы павінны рабіць дзве рэчы, якія ў Евангеллі зрабілі вучні: яны ўсклікалі да Езуса і прынялі Яго да сябе”.

Францішак нагадаў, што Пётр крыху прайшоўся па вадзе да Езуса, але потым спалохаўся, пачаў тануць і закрычаў: “Пане, ратуй мяне!”. “Гэта цудоўная малітва, праз якую мы выказваем упэўненасць у тым, што Пан можа збавіць нас, што Ён перамагае нашы грахі і нашыя страхі”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы вернікаў разам паўтарыць словы святога Пятра.

Папа заўважыў, што потым вучні прынялі Езуса да сябе ў човен, а як толькі Ён падняўся на борт, “вецер сціх”. “Пан ведае, што лодцы жыцця, як і лодцы Касцёла, пагражае сустрэчны вецер і што мора, па якім плывём, часта хвалюецца. Ён не вызваляе нас ад цяжкасцей плавання, наадварот – Евангелле падкрэслівае гэта – Ён падштурхоўвае сваіх выйсці ў мора: гэта значыць запрашае нас сутыкнуцца з цяжкасцямі, каб яны таксама сталі месцам збаўлення, магчымасцю сустрэцца з Ім. У нашы цёмныя хвіліны Ён выходзіць насустрач нам, просячы нас прыняць Яго, як у тую ноч на возеры”, - запэўніў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў вернікаў спытаць сябе: калі баюся, як паводжу сябе? Ці іду адзін, спадзеючыся на свае сілы, ці ўсклікаю з даверам да Папа? Наколькі моцная мая вера? Ці веру, што Хрыстус мацнейшы за хвалі і згубныя вятры? Але перш за ўсё: ці плыву разам з Ім? Ці запрашаю Яго, ці даю Яму месца ў лодцы жыцця, ці давяраю Яму стырно? “Няхай Марыя, Зорка мора, дапаможа нам шукаць святло Езуса на цёмных пераправах”, - завяршыў сваё нядзельнае разважанне Францішак.
 

13 жніўня 2023, 12:21

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >