Пошук

Mladifest, Меджугор'е. 2022 год Mladifest, Меджугор'е. 2022 год 

Папа да моладзі ў Меджугор’і: дазволіце Божай ласцы дзейнічаць

Бог мае для кожнага з вас план любові, не бойцеся Яго волі, цалкам даверцеся Яго ласцы, - заахвоціў Францішак удзельнікаў 34-га Фестывалю моладзі ў Меджугор’і – Mladifest.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Папа пажадаў вернікам пражыць падзею “як духоўную пілігрымку, якая вядзе да сустрэчы з Панам у Эўхарыстыі, у адарацыі, у споведзі, у біблійнай катэхезе, у ціхай ружанцовай малітве, у сведчаннях”.

Ён спаслаўся на сёлетнюю тэму з Евангелля святога Мацвея: Вось маці Мая і браты Мае (12, 49), і заўважыў, што “падпарадкаванне волі Айца, умацаванне еднасці з Ім, з’яўляецца мацнейшай сувяззю, чым тая, якая звязвае нас з самымі блізкімі”.

“Дарагая моладзь, Божая воля – бясцэнны скарб! Менавіта таму Дзева Марыя звязала сябе з Езусам яшчэ да таго, як нарадзіла Яго. Яна стала вучаніцай і Маці свайго Сына ў той момант, калі прыняла словы анёла. (...). З гэтай хвіліны ўсё яе жыццё было пастаянным выкананнем Божай волі”, - заўважыў Пантыфік.

Ён з жалем адзначыў, што сучасны чалавек часта знаходзіцца ў канфлікце з гэтай воляй, яму цяжка зразумець і прыняць яе; ён шукае іншага жыцця, без выклікаў і пакут; яму хацелася б быць іншым, больш разумным, багацейшым на таленты і дары.

“Але няма для нас лепшай волі, чым воля Айца, якая з'яўляецца планам любові да нас, накіраваным на дасягненне Яго Валадарства і нашага поўнага шчасця. Мы часта баімся гэтай волі, нам страшна, што Бог можа навязаць нам нешта зусім выпадкова, не на карысць нам. Мы баімся, што прыняцце Яго волі азначае адмову ад нашай свабоды. Замест гэтага мы павінны старанна шукаць, прасіць Бога Айца аб’явіць нам сваю волю і прасіць, каб яна здзейснілася ў нас. І Езус паказвае нам самы моцны матыў для такога жадання: выкананне волі Айца робіць нас Яго дзецьмі, братамі, сёстрамі, маці; мы ўзрастаем у любові да Яго і да іншых”, - напісаў Папа да маладых вернікаў, сабраных у гэтыя дні ў Меджугор’і.

Францішак нагадаў аб тым, што “толькі Той, хто любіць нас поўнай любоўю, здольны рэалізаваць нашы памкненні”. “Ніхто, акрамя Бога, не можа даць вам сапраўднага шчасця. Па прыкладу Марыі ўмейце сказаць Яму сваё безумоўнае так. Няхай у вашым жыцці не будзе месца ні эгаізму, ні ляноце. Выкарыстоўвайце сваю маладосць, каб разам з Панам будаваць асновы свайго існавання, бо ад рашэнняў, якія вы прымеце ў гэтыя гады, будзе залежаць ваша асабістая, прафесійная і грамадская будучыня”, - звярнуўся Францішак.

Святы Айцец пажадаў адрасатам паслання, каб іх маладосць “заставалася знакам надзеі і энтузіязму”. Ён папрасіў іх быць місіянерамі новай евангелізацыі, “несці тым, хто пакутуе, тым, хто шукае, радасць, якую хоча даць Езус”.

“Калі вы дазволіце Божай ласцы дзейнічаць у вас, калі вы будзеце шчодрымі і настойлівымі ў штодзённай працы, вы зробіце гэты свет лепшым для ўсіх”, - падзяліўся сваім перакананнем з моладдзю Францішак.
 

27 ліпеня 2023, 11:28