Пошук

Агульная аўдыенцыя: выхаванне – гэта не забіванне галавы ідэямі

Аб святой Мэры МакКілап, якая прысвяціла сваё жыццё інтэлектуальнай і рэлігійнай адукацыі бедных у сельскай мясцовасці Аўстраліі ў канцы ХІХ - пачатку ХХ стагоддзяў, казаў Папа 28 чэрвеня 2023 года падчас агульнай аўдыенцыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец нагадаў аб тым, што святая, якая нарадзілася ў 1842 годзе ў Мельбурне, мела перакананне ў сваім пакліканні абвяшчаць Добрую Навіну і прыцягваць іншых людзей да сустрэчы з жывым Богам. Яна прысвяціла сябе выхаванню моладзі, усведамляючы, што каталіцкая адукацыя з’яўляецца формай евангелізацыі.

Мэры верыла ў тое, што мэтай адукацыі з’яўляецца інтэгральнае развіццё чалавека як асобы, так і члена супольнасці; і што гэта патрабуе мудрасці, цярпення і любові з боку кожнага настаўніка.

Францішак нагадаў, што выхаванне заключаецца не ў тым, каб забіваць галаву ідэямі, але ў тым, каб суправаджаць і падтрымліваць вучняў і студэнтаў у працэсе чалавечага і духоўнага развіцця, паказваючы ім, наколькі сяброўства з Уваскрослым Езусам пашырае сэрца і робіць жыццё больш чалавечным. Ён падкрэсліў актуальнасць такога падыходу.

Папа нагадаў, што святая Мэры МакКілап таксама клапацілася пра бедных. Выразам гэтага стаў Дом Провіду, заснаваны ў Адэлаідзе для прыёму пажылых і дзяцей, якімі ніхто не апекаваўся. У той жа час яе не абмінулі клопаты і цяжкасці, звязаныя з апостальствам. “Пры ўсім гэтым яна захоўвала спакой, цярпліва несучы крыж, які быў неад’емнай часткай місіі”, - адзначыў Святы Айцец, падкрэсліваючы яе веру ў Божы провід.

Францішак заахвоціў вернікаў наследаваць прыклад святой Мэры МакКілап, каб яе заступніцтва падтрымлівала штодзённую працу бацькоў, настаўнікаў, катэхізатараў і ўсіх педагогаў “на карысць моладзі і ў імя больш чалавечнай і надзейнай будучыні”.
 

28 чэрвеня 2023, 10:02

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >