Пошук

Папа прывітаў Патрыярха Копцкай Праваслаўнай Царквы

У агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 10 мая 2023 года ў Ватыкане, браў удзел прадстаяцель Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадрас ІІ. Пантыфік не прамаўляў катэхезу, але звярнуўся са словамі прывітання да егіпецкага Патрыярха і дэлегацыі, што суправаджала яго.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Яго Святасць Тавадрас прыняў маё запрашэнне прыбыць у Рым і разам са мной адсвяткаваць 50-годдзе гістарычнай сустрэчы папы Паўла VI і папы Шэнуды III у 1973 годзе. Гэта была першая сустрэча Біскупа Рыма і Патрыярха Копцкай Праваслаўнай Царквы, якое завяршылася падпісаннем 10 мая памятнай сумеснай хрысталагічнай дэкларацыі”, - нагадаў Святы Айцец.

На ўспамін пра гэту падзею Тавадрас ІІ першы раз адведаў Ватыкан у маі 2013 года, праз некалькі месяцаў пасля абрання Францішка на Пасад святога Пятра, а таксама прапанаваў устанавіць 10 мая Дзень копцка-каталіцкага сяброўства, які з таго часу адзначаецца штодзённа.

Папа заўважыў, што кожны год у гэты дзень звязваецца з кіраўніком Копцкай Праваслаўнай Царквы па тэлефоне, каб абмяняцца віншаваннямі. “Мы захоўваемся як добрыя браты, не сварымся”, - дадаў ён.

“Дарагі браце Тавадрас, дзякую Вам за прыняцце майго запрашэння ў гэты падвоены юбілей і малюся, каб святло Святога Духа асвяціла Ваш візіт у Рым, важныя сустрэчы, якія адбудуцца, а асабліва нашы асабістыя размовы. Шчыра дзякую за Вашу прыхільнасць умацаванню сяброўства паміж Копцкай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам”, - сказаў Святы Айцец.

“Ваша Святасць, дарагія епіскапы і дарагія сябры, разам з вамі я малю Усемагутнага Бога праз заступніцтва святых і мучанікаў Копцкай Царквы, каб дапамог нам узрастаць у еднасці, у адзінай і святой повязі веры, надзеі і хрысціянскай любові. Гаворачы пра мучанікаў Копцкай Царквы, якія таксама з’яўляюцца нашымі, я хацеў бы нагадаць пра пакутнікаў з лівійскага ўзбярэжжа, якія сталі мучанікам некалькі гадоў таму”, - падкрэсліў Францішак.

Пантыфік заклікаў удзельнікаў аўдыенцыі маліцца, каб Бог благаславіў візіт Тавадраса ІІ у Рым і абараняў усю Копцкую Праваслаўную Царкву. “Няхай гэты візіт наблізіць нас да благаслаўлёнага дня, калі будзем адно ў Хрысце”, - сказаў Святы Айцец.
 

10 мая 2023, 10:45

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >