Пошук

Папа пасля візіту ў Венгрыю: захоўваць карані і будаваць масты

На важнасць захавання гістарычных каранёў і будавання мастоў адзінства нагадаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 3 мая 2023 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак распавёў пра сваё Апостальскае падарожжа ў Венгрыю, якое здзейсніў з 28 па 30 красавіка. Ён падкрэсліў, што гісторыя гэтай краіны пазначана шматлікімі святымі і героямі, акружаных шэрагам сціплых і працавітых людзей, якія з гонарам захоўваюць уласныя карані.

Да гэтых каранёў, у першую чаргу адносяцца святыя, “якія аддалі сваё жыццё за народ, які сведчылі Евангелле любові, якія былі святлом у хвіліны цемры; многія святыя мінулага, якія сёння заклікаюць нас пераадольваць рызыку паражэнства і страху перад заўтрашнім днём, памятаючы, што Хрыстус – наша будучыня”, - дадаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што моцныя хрысціянскія карані венгерскага народа прайшлі праз выпрабаванні агнём: падчас атэістычнага пераследу ХХ стагоддзя, хрысціяне спазналі гвалтоўны пераслед, падчас якога былі забіты ці пазбаўлены свабоды многія біскупы, святары, законнікі і свецкія вернікі. “Але ў той час як здзяйснялася спроба ссячы дрэва веры, карані засталіся некранутымі; заставаўся Касцёл схаваны, але жывы, моцны сілай Евангелля”, - сказаў ён.

Пантыфік распавёў, што камуністычнаму прыгнёту папярэднічаў нацысцкі, з трагічнай дэпартацыяй шматлікіх яўрэяў. Ён заўважыў, што многія венгры баранілі ахвяр, а таксама згадаў пра сведку тых падзей – венгерскую паэтэсу яўрэйскага паходжання Эдзіт Брук, якая жыве ў Рыме. Францішак скарыстаўся нагодай для таго, каб павіншаваць гэту былую вязніцу нацысцкіх канцэнтрацыйных лагераў з 92-годдзем.

Святы Айцец звярнуў увагу таксама на пагрозы для свабоды, якія існуюць у наш час: спажывальніцтва, якое робіць нячулымі, задавальненне людзей выключна матэрыяльным дабрабытам, забыццё пра мінулае, а таксама індывідуалізм – усё гэта прыводзіць да аслаблення каранёў.

“Гэта праблема, якая датычыць усёй Еўропы, дзе прысвячэнне сябе іншым, адчуванне сябе супольнасцю, адчуванне таго, наколькі цудоўна марыць разам, і стварэнне вялікіх сем’яў знаходзіцца ў крызісе. Уся Еўропа ў крызісе”, - падкрэсліў Пантыфік, заклікаючы паразважаць пра важнасць захавання каранёў.

Гаворачы пра вобраз мастоў, якімі славуты Будапешт, Папа заўважыў, што падчас сустрэч з венгерскімі ўладамі звяртаў увагу на важнасць будавання мастоў з рознымі народамі. Пакліканнем Еўропы з’яўляецца прыняцце тых, хто стукае ў яе дзверы, - сказаў ён, а таксама высока ацаніў “гуманітарны мост” для ўкраінскіх уцекачоў і дабрачыннае служэнне сеткі структур Каталіцкай Касцёла ў Венгрыі.

Святы Айцец падкрэсліў, што гэта краіна будуе “мост у заўтрашні дзень”, прысвячаючы шмат увагі клопату пра экалогію і ўстойлівую будучыню, умацоўваючы масты паміж пакаленнямі. Папа адзначыў, што і Касцёл павінен будаваць мост у кірунку сучаснага чалавека, бо “прапаведаванне не можа заключаецца выключна ў паўтарэнні мінулага, але заўсёды павінна быць абноўленым, каб дапамагчы людзям нашага часу нанава адкрыць для сябе Хрыста”.

Францішак згадаў пра літургічныя цэлебрацыі, якія прайшлі падчас яго візіту, а таксама пра моманты малітвы з грэка-каталіцкай супольнасцю, заклікаючы да будавання мастоў паміж вернікамі. На нядзельнай Імшы прысутнічалі хрысціяне розных абрадаў і з розных краін, розных канфесій, якія ў Венгрыі добра працуюць разам, - сказаў Папа, запрашаючы будаваць масты гармоніі і адзінства.

Святы Айцец таксама падкрэсліў любоў венграў да музыкі і пабожнасць у адносінах да Багародзіцы. “Прысвечаныя Ёй першым каралём, святым Стэфанам, з павагі яны прызвычаіліся звяртацца да Яе, не прамаўляючы Яе імя, а называючы Яе толькі каралеўскімі тытуламі. Давайце даверым Уладарцы Венгрыі гэту дарагую краіну, даверым Уладарцы супакою будаванне мастоў у свеце, даверым Уладарцы неба, да якой усклікаем у гэты велікодны час, нашы сэрцы, каб былі ўкаранёнымі ў Божай любові”, - завяршыў катэхезу Францішак.
 

03 мая 2023, 10:32

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >