Пошук

Францішак: вера ў Езуса – гэта не набор ідэй, а шлях

"Езус не аддзяліўся ад нас, але адкрыў нам шлях, апярэджваючы нашу канчатковую мэту: сустрэчу з Богам Айцом, у сэрцы Якога ёсць месца для кожнага з нас", - сказаў Папа 7 мая 2023 года ў разважанні перад малітвай Regina Caeli.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак спаслаўся на евангельскі ўрывак, які чытаецца ў V Велікодную нядзелю года А (Ян 14, 1-12), узяты з апошняй прамовы Езуса перад смерцю. Збаўца паказвае здзіўленым вучням на мэту іх падарожжа і на тое, як дасягнуць асаблівага месца – дома Айца, дзе ёсць месца для кожнага з нас.

“Перш за ўсё, куды ісці? Езус бачыць асцярогі вучняў, іх страх быць пакінутымі, як гэта адбываецца з намі, калі мы вымушаныя разлучыцца з любімым чалавекам. (...) Ён выкарыстоўвае знаёмы вобраз дома, месца ўзаемаадносін і блізкасці. У доме Айца, – кажа ён сваім сябрам і кожнаму з нас, – ёсць месца для вас, вы жаданыя госці, вас прымуць назаўжды ў цёплыя абдымкі, і я на небе, каб прыгатаваць месца для вас!” - адзначыў Пантыфік.

Францішак заахвоціў не выпускаць з поля зроку мэту, хоць сёння мы знаходзімся ў небяспецы забыць яе і самыя важныя пытанні жыцця. Без іх мы абмяжоўваем сваё існаванне толькі сучаснасцю. “Але наша радзіма знаходзіцца ў небе (Флп 3, 20), не забываймася пра веліч і прыгажосць мэты!” - звярнуўся ён.

Адказваючы на пытанне: "Як нам туды патрапіць?", Святы Айцец працытаваў словы Хрыста: “Я – дарога і праўда, і жыццё" (Ян 14, 6). “Сам Езус – гэта шлях, якога трэба прытрымлівацца, каб жыць у праўдзе і мець жыццё ў багацці. Ён – шлях, і таму вера ў Яго – гэта не "набор ідэй", у якія трэба верыць, а шлях, які трэба прайсці, падарожжа, якое трэба здзейсніць, паломніцтва з Ім. Гэта следаванне за Езусам, таму што Ён – шлях, які вядзе да бясконцага шчасця. Гэта наследаванне Яго, асабліва ў жэстах блізкасці і міласэрнасці ў адносінах да іншых. Вось компас для дасягнення неба: любіць Езуса, шлях, становячыся знакам Яго любові на зямлі", - падкрэсліў Папа.

Францішак заахвоціў вернікаў не дазваляць сабе быць прыгнечанымі сучаснасцю і ўзірацца ў Неба, памятаючы, што мы пакліканы да вечнасці, да сустрэчы з Богам. Ён заклікаў аднавіць выбар на карысць Езуса, рашэнне любіць Яго і ісці за Ім.
 

07 мая 2023, 12:33

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >