Пошук

Папа: любіць Касцёл і рабіць Яго гасцінным домам для ўсіх

Толькі ў супольнасці, у Касцёле можна знайсці Езуса, - нагадаў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Уладарка Неба, якую правёў у Ватыкане 16 красавіка 2023 года, у Нядзелю Божай Mіласэрнасці.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Каментуючы евангельскі ўрывак пра з’яўленне Ўваскрослага Езуса вучням, у прыватнасці, няверуючаму Тамашу (Ян 20, 24-29), Папа сказаў: “Насамрэч, Тамаш не адзіны, каму цяжка паверыць. Ён крыху сімвалізуе ўсіх нас. На самай справе, не заўсёды лёгка паверыць, асабліва калі было вялікае расчараванне, як у яго выпадку. Ён шмат гадоў быў паслядоўнікам Езуса, рызыкаваў і пераадольваў цяжкасці, але Настаўніка ўкрыжавалі, як злачынцу, і ніхто не збавіў Яго, ніхто нічога не зрабіў! Ён памёр, і ўсе адчуваюць страх. Як тут давяраць?” – запытаў Святы Айцец.

“Тамаш, аднак, мае мужнасць: у той час як іншыя вучні зачыніліся ў доме, ён выходзіць, нягледзячы на рызыку, што яго могуць пазнаць, асудзіць і арыштаваць”, - зазначыў Францішак, дадаючы, што “можна падумаць за такую адвагу ён больш, чым іншыя, заслугоўвае сустрэчы з Уваскрослым Панам”. Замест гэтага, у Велікодны вечар, калі Езус упершыню з'явіўся вучням, Тамаш адсутнічаў і страціў магчымасць пабачыць Яго. “Як жа вярнуць гэтую магчымасць?” - запытаў Францішак, даючы такі адказ: “Толькі вяртаючыся да іншых, вяртаючыся ў тую сям'ю, якую ён пакінуў спалоханай і сумнай”. Калі ён вярнуўся, Езус зноў з'явіўся вучням і паказаў Тамашу свае раны – “доказы любові, заўсёды адкрытыя каналы Яго міласэрнасці”, - нагадаў Папа.

Святы Айцец заклікаў паразважаць над гэтымі фактамі. “Каб паверыць, Тамаш патрэбуе нейкі незвычайны знак: дакрануцца да ранаў. Езус жа паказвае іх звычайным чынам, з'явіўшыся перад усёй супольнасцю. Як бы кажучы яму: калі хочаш сустрэцца са Мной, не шукай далёка, заставайся ў супольнасці, з іншымі, не сыходзь, маліся з імі, ламай з імі хлеб”. Па словах Францішка, менавіта там, у супольнасці, можна знайсці Езуса, там Ён пакажа “знакі любові, якая перамагае нянавісць, прабачэння, якое абяззбройвае помсту, жыцця, якое перамагае смерць”.

“Дарагія браты і сёстры, запрашэнне святога Тамаша тычыцца таксама і нас”, - падкрэсліў Пантыфік, заахвочваючы вернікаў паразважаць над тым, дзе яны шукаюць Уваскрослага: “У нейкіх асаблівых падзеях? У нейкай відовішчнай рэлігійнай цырымоніі? Выключна ў нашых эмоцыях і пачуццях? Або ў супольнасці, у Касцёле, застаючыся там, нават калі не ўсё ідэальна?”

Папа нагадаў, што, нягледзячы на ўсе абмежаванні, Касцёл – гэта Цела Хрыстова, і менавіта Яно захоўвае найвялікшыя знакі Яго любові. “Давайце спытаем сябе, ці гатовыя мы, у імя гэтай любові, у імя ранаў Езуса, прыняць тых, хто паранены жыццём, не пазбаўляючы нікога ласкі Божай, але вітаючы ўсіх і кожнага як брата, як сястру. Бог прымае ўсіх”, - сказаў Святы Айцец, просячы Марыю, Маці Міласэрнасці, “дапамагчы нам любіць Касцёл і рабіць Яго гасцінным домам для ўсіх”.

16 красавіка 2023, 12:11

“Уладарка неба” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць у Велікодны перыяд Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >