Пошук

Францішак: там, дзе занадта шмат “я”, мала Бога

Папа перасцярог ад ганарыстасці і пыхі падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая 23 кастрычніка 2022 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна – Vatican News

“У Евангеллі сённяшняй літургіі прыведзена прыпавесць пра фарысея і мытніка (пар. Лк 18, 9-14), гэта значыць пра чалавека рэлігійнага і вядомага грэшніка”, – патлумачыў Францішак. Абодва прыходзяць у храм, каб памаліцца, але толькі мытнік сапраўды ўзвышаецца перад Богам, таму што з пакорай паглыбляецца ў ісціну пра сябе і паўстае такім, які ён ёсць, без маскі, са сваімі недахопамі. Можна сказаць, што сутнасць прыпавесці апісваюць два жэсты, два дзеясловы: узвышацца і прыніжацца, - зазначыў Святы Айцец.

Першы жэст – узвышэнне. Тэкст пачынаецца са слоў: “Два чалавекі зайшлі ў святыню памаліцца” (пар. Лк 18, 10). Гэты момант нагадвае мноства біблейскіх эпізодаў, дзе, каб сустрэць Бога, чалавек падымаецца на гару, узвышаецца: Абрагам падымаецца на гару, каб прынесці ахвяру; Майсей падымаецца на Сінай, каб атрымаць запаведзі; Езус падымаецца на гару, дзе адбываецца перамяненне. “Таму ўзвышэнне адлюстроўвае жаданне сэрца адарвацца ад роўнага жыцця, каб ісці насустрач Пану; падняцца з раўніны нашага “я”, каб узняцца да Бога”, – падкрэсліў Пантыфік.

“Але для таго, каб жыць сустрэчай з Ім, каб перамяніцца дзякуючы малітве, каб узвысіцца да Бога, неабходны другі жэст – прыніжэнне. Каб узвысіцца да Яго, мы павінны паглыбіцца ў сябе: развіваць шчырасць і пакору сэрца, якія даюць нам сумленны погляд на нашу кволасць і недасканаласць. Бо ў пакоры мы здольныя несці Богу тое, што мы ёсць, з нашымі абмежаваннямі і ранамі, грахамі і няшчасцем, якія абцяжарваюць наша сэрца, і атрымаць Яго ласку, каб Ён вылечыў, загаіў і ўзвысіў нас. Чым больш мы пакорліва прыніжаем сябе, тым больш Бог узвышае нас,” – сказаў Францішак.

Сапраўды, мытнік з прыпавесці пакорліва “стаіць воддаль” (пар. Лк 18, 13), просіць літасці, і Бог узвышае яго. Фарысей жа ўзвышаецца сам, упэўнены ў сабе, перакананы ў сваёй праведнасці. “Стаўшы, ён гаворыць Пану толькі пра сябе, хваліцца, пералічвае ўсе свае заслугі і пагарджае іншымі. Так дзейнічае пыха: яна прымушае чалавека лічыць сябе непахібным і судзіць іншых. Такім чынам, сам таго не заўважаючы, ён пакланяецца свайму “я” і аддаляе Бога”, – зазначыў Францішак.

Папа нагадаў, што прыпавесць пра фарысея і мытніка датычыцца таксама і нас. Ён заклікаў вернікаў праверыць сябе на прадмет “упэўненасці ў сваёй праведнасці” (пар. Лк 18, 9), якая прымушае пагарджаць іншымі. Гэта адбываецца, напрыклад, калі мы напрошваемся на кампліменты і пералічваем свае заслугі і добрыя ўчынкі, калі клапоцімся пра тое, каб здавацца, а не быць, калі трапляем у пастку нарцысізму і паказушнасці. “Давайце з асцярогай сачыць за нарцысізмам і паказушнасцю, якія грунтуюцца на ганарыстасці і прымушаюць нас, хрысціян, святароў, біскупаў, заўсёды прамаўляць слова “я”: “я зрабіў тое, я напісаў сёе, я сказаў так, я зразумеў гэтак”. Там, дзе занадта шмат “я” – мала Бога,” – перасцярог Святы Айцец.

Францішак заклікаў маліцца аб заступніцтве Найсвяцейшай Панны Марыі, пакорлівай слугі Пана, прыкладу таго, што любіць здзяйсняць Бог, калі “скідвае магутных з трона і ўзвышае пакорных” (Лк 1,52).

23 кастрычніка 2022, 11:52

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >