Пошук

Падчас беатыфікацыі Яна Паўла І Падчас беатыфікацыі Яна Паўла І 

Папа: Ян Павел I лічыў сябе пылам, на якім пажадаў пісаць Бог

Ян Павел I “увасабляў убоства вучня, якое заключаецца не толькі ў адарванасці ад матэрыяльных дабротаў, але перш за ўсё ў пераадоленні спакусы паставіць сябе ў цэнтр і шукаць уласнай славы”, - адзначыў Папа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

4 верасня 2022 года Францішак прамовіў гамілію на святой Імшы, падчас якой адбылася беатыфікацыя яго папярэдніка. Альбіна Лучані, які прыняў імя Ян Павел І, быў Біскупам Рыма з 26 жніўня па 28 верасня 1978 года.

Пантыфік патлумачыў, што Бог “не хоча спакушаць нас падманам і не жадае раздаваць танныя радасці”, Яго не цікавяць “натоўпы, як акіян”, калі людзі ідуць за ім з эйфарыяй і лёгкім энтузіязмам. Ён хоча, каб кожны разумеў прычыны і наступствы свайго падарожжа за Ім.

Ісці за Богам можна “па розных прычынах, і некаторыя з іх, трэба прызнаць, з'яўляюцца свецкімі: за дасканалым рэлігійным выглядам можна схаваць простае задавальненне сваіх патрэб, імкненне да асабістага прэстыжу, жаданне адыгрываць значную ролю, кіраванне справамі, імкненне заняць месца і атрымаць прывілеі, пошук прызнання і іншае”, - заўважыў Францішак. Але гэта не стыль Езуса.

Ён патлумачыў, што “Пан патрабуе іншага стаўлення”. Ісці за Ім – гэта “несці свой крыж”, браць на сябе цяжары, свае і іншых, рабіць жыццё дарам, наследаваць Яго шчодрую і міласэрную любоў. “Гэта выбар, які ахоплівае ўсё існаванне; таму Езус жадае, каб вучань нічога не ставіў вышэй за гэтую любоў, нават самыя дарагія пачуцці і самыя вялікія даброты”, - звярнуў увагу Папа.

Мы павінны “любіць, нават калі цана любові – ахвяры, маўчанне, неразуменне, адзінота, цяжкасці і пераслед”. Такая любоў да канца – гэта адмаўленне ад палавінчатага дзеяння, прыстасавання і спакойнага жыцця, ад задавальнення “разводненай верай”. “Езус просіць нас аб гэтым: жыць Евангеллем і жыць сваім жыццём не часткова, але да канца. Ніякіх кампрамісаў!”, - сказаў Святы Айцец.

Ян Павел I “па прыкладзе Езуса быў лагодным і пакорным пастырам. Ён лічыў сябе пылам, на якім Бог пажадаў пісаць. Вось чаму ён сказаў: “Пан настолькі моцна загадаў: будзьце пакорнымі. Нават калі вы рэалізавалі вялікія справы, скажыце: мы бескарысныя слугі”, - працытаваў Францішак.

Ён падкрэсліў, што яго папярэднік “з усмешкай перадаваў дабрыню Пана”. “Прыгожы Касцёл з вясёлым, спакойным і ўсмешлівым тварам, які ніколі не зачыняе дзвярэй, не робіць жорсткімі сэрцаў, не скардзіцца і не нясе крыўды, не злуецца і не нецярплівіцца, не застаецца панурым, не пакутуе ад настальгіі па мінулым. Памолімся праз заступніцтва нашага айца і брата, папросім яго здабыць нам “усмешку душы”; папросім яго словамі тое, аб чым ён сам прасіў: “Пане, прымі мяне такім, які я ёсць, з маімі недахопамі, з маімі слабасцямі, але зрабі мяне такім, якім хочаш”, - сказаў у сваёй гаміліі Францішак.

Перад нядзельнай малітвай Анёл Панскі Папа падзякаваў усім, хто прыбыў на ўрачыстасць, у тым ліку Прэзідэнту Італьянскай Рэспублікі і Прэм'ер-міністрц Княства Манака, вернікам з Венецыі, Белуна і Віторыа Вэната, месцаў, звязаных з чалавечым, святарскім і біскупскім досведам благаслаўлёнага Альбіна Лучані. Ён запрасіў памаліцца “аб дары супакою ва ўсім свеце, а асабліва ў спакутаванай Украіне”.
 

04 верасня 2022, 12:38

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >