Пошук

Святы Айцец: зло не паходзіць ад Бога, а ад нашых грахоў

Зло ніколі не паходзіць ад Бога але з’яўляецца наступствам чалавечых грахоў, - нагадаў Папа падчас сустрэчы ў вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая 20 сакавіка 2022 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак заўважыў, што ў нядзельным евангельскім літургічным чытанні Езус каментуе некаторыя трагічныя падзеі. “У той час, калі яшчэ жыла памяць пра васямнаццаць чалавек, загінулых падчас абрушэння веры” Езусу распавялі пра “некаторых галілейцаў, якіх загадаў забіць Пілат”.

“Ёсць адно пытанне, якое, здаецца, спадарожнічае гэтым трагічным навінам: хто быў вінаваты ў гэтых жудасных фактах? Магчыма тыя людзі былі вінаваты больш за іншых і Бог пакараў іх? Гэта пытанні, якія заўсёды застаюцца актуальнымі”, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа заўважыў, што калі нас прыгнятаюць трагічныя навіны і мы адчуваем бяссільнасці перад абліччам зла, часта пытаемся ў сябе: можа гэта Божая кара? “Можа гэта Ён пасылае вайну ці пандэмію, каб пакараць нас за нашы грахі? І чаму тады Пан не ўмешваецца?”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец заклікаў быць пільнымі, бо калі нас прыгнятае зло, мы губляем яснасць розуму і, шукаючы лёгкія адказы на тое, што не можам патлумачыць, пачынаем абвінавачваць Бога, прыпісваць Яму нашы няшчасці і беды свету: Яму, які заўсёды пакідае нас свабодным, не навязвае сябе, а толькі прапануе; Яму, “які ніколі не выкарыстоўвае гвалт, а толькі пакутуе за нас і разам з намі”.

“Езус, насамрэч, заўсёды рашуча адмаўляе і аспрэчвае ідэю абвінавачвання Бога нашых няшчасцяў: забітыя і загінулыя пад вежай не былі больш вінаватымі за іншых і не былі ахвярамі бязлітаснага і помслівага Бога, якога не існуе! Ад Бога ніколі не можа паходзіць зло, бо Ён “не паступае з намі паводле грахоў нашых” (Пс 103,10), але паводле міласэрнасці”, - дадаў Папа.

Францішак нагадаў заклік Езуса, каб замест абвінавачвання Бога, мы зазірнулі ў сябе: гэта грэх стварае смерць; наш эгаізм разрывае адносіны; нашы памылковыя і гвалтоўныя рашэнні вызваляюць зло, а выйсцем, якое прапануе Пан, у гэтай сітуацыі з’яўляецца пакаянне: “калі не пакаецеся, усе таксама загінеце”.

Папа заклікаў прыняць гэты заклік з адкрытым сэрцам. “Давайце навярнёмся ад зла, адмовімся ад таго граху, які ўводзіць нас у спакусу, адкрыемся на логіку Евангелля: бо там, дзе пануюць любоў і братэрства, зло не мае ўлады!”, - запэўніў Святы Айцец.

Езус, ведае, што пакаяцца нялёгка, таму дапаўняе свой заклік прыпавесцю пра цярплівасць Бога: замест таго, каб ссячы дрэва, што не прыносіла плод, гаспадар дае яму дадатковы час, яшчэ адну магчымасць.

“Браты і сёстры, Бог верыць у нас! Давярае нам і з цярплівасцю суправаджае. Ён не адчайваецца, але заўсёды давярае нам”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што Бог глядзіць на нас як бацька: Ён бачыць не вынікі, якіх мы пакуль не дасягнулі, а плады, якія яшчэ можам прынесці; не лічыць нашы слабасці, а падбадзёрвае; не спыняецца на мінулым, а з даверам робіць стаўку на будучыню”, - падкрэсліў Папа.

На завяршэнне разважання Пантыфік заклікаў прасіць у малітве Багародзіцу, каб напоўніла нас надзеяй і адвагай, і каб распаліла ў нас прагненне пакаяння.

20 сакавіка 2022, 14:45

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >