Пошук

Францішак: праз Святое Пісанне Бог прамаўляе да нас сёння

Калі Евангелле ўваходзіць у наша “сёння”, тады напаўняе яго Богам, - падкрэсліў Папа перад малітвай Анёл Панскі, якая 23 студзеня 2022 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак пракаментаваў евангельскі ўрывак пра пачатак прапаведніцкай дзейнасці Езуса (Лк 4,14-21). Ён нагадаў, што Хрыстус адправіўся ў Назарэт, дзе прыняў удзел у малітве ў сінагозе. Прачытаўшы ўрывак з кнігі прарока Ісаі, у якім гаворка ішла пра Месію, што прынясе суцяшэнне і вызваленне бедным і абцяжараным, Езус сказаў: “Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання”.

Папа заўважыў, што слова “сёння” стала першым у прапаведванні Хрыста, і таму прапанаваў паразважаць над яго значэннем. “Сёння”, пра якое казаў Езус, пераўзыходзіць усе эпохі і застаецца актуальным заўсёды, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік зазначыў, што суайчыннікі Езуса былі ўражаны Яго словамі: нават калі не верылі Яму, яны заўважалі, што Яго навучанне адрозніваецца ад навучання іншых настаўнікаў. У Езусе было нешта большае – намашчэнне Святым Духам.

“Часам, здараецца, што нашы пропаведзі і нашы навучанні застаюцца агульнымі, абстрактнымі, не кранаюць душу і жыццё людзей. Чаму? – Таму што ім не хапае сілы гэтага “сёння”, не хапае таго, каб Езус сілай Духа “напоўніў іх сэнсам”... Мы слухаем бездакорныя канферэнцыі, добра падрыхтаваныя прамовы, якія аднак не ўзрушваюць сэрца і ўсё застаецца як і раней”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што гэта вельмі часта тычыцца таксама і гамілій.

“Прапаведванню пагражае такая рызыка: Божае слова бяднее без намашчэння Духам, слізгае ў маралізатарства і абстрактныя паняцці; Евангелле прадстаўляецца ў адарванасці, быццам яно па-за часам, далёкае ад рэальнасці... Але слова, у якім не б’ецца сіла “сёння” – не годнае Езуса і не дапамагае жыццю людзей. Таму той, хто прапаведуе, у першую чаргу павінен спазнаць “сёння” Езуса, каб мець магчымасць перадаць яго ў “сёння” іншых”, - сказаў Папа.

З нагоды Нядзелі Божага Слова Францішак падзякаваў усім прапаведнікам Евангелля і заклікаў маліцца за іх, каб жылі сённяшнім днём Езуса, салодкай сілай Яго Духа, які робіць Пісанне жывым.

“Божае слова, насамрэч, жывое і плённае, яно змяняе нас, уваходзіць у нашу гісторыю, асвятляе нашу штодзённасць, суцяшае і ўпарадкоўвае. Давайце будзем памятаць: Божае слова перамяняе ўсякі дзень у сёння, у якім Бог прамаўляе да нас”, - сказаў Папа, заклікаючы ўзяць у рукі Евангелле і кожны дзень спакойна чытаць маленькі ўрывак з яго, каб з часам адкрыць для сябе, што гэтыя словы напісаны менавіта для нас і нашага жыцця.

“Яны дапамогуць нам прымаць кожны дзень з лепшым позіркам, больш спакойным, бо, калі Евангелле ўваходзіць у сённяшні дзень, напаўняе яго Богам”, - падкрэсліў Пантыфік, прапануючы вернікам на працягу цяперашняга літургічнага года, у якім будзе чытацца Евангелле святога Лукі – Евангелле міласэрнасці – чытаць яго таксама і самастойна, невялікі ўрывак кожны дзень. “Давайце будзем бліжэй знаёміцца з Евангеллем, яно прынясе нам навізну і радасць Бога!”, - запэўніў Святы Айцец.

“Божае слова з’яўляецца таксама маяком, які кіруе сінадальным шляхам, распачатым ва ўсім Касцёле. У той час як намагаемся слухаць адзін аднаго з увагай і праніклівасцю, давайце будзем разам слухаць Божае слова і Святога Духа. Няхай Багародзіца выпрасіць для нас пастаянства, каб кожны дзень сілкаваліся Евангеллем”, - сказаў Папа на заканчэнне свайго разважання.
 

23 студзеня 2022, 13:54

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >