Пошук

Анёл Панскі: без пакоры ў сэрцы немагчыма пакланенне Богу

Зноў адкрыць для сябе важнасць пакоры і сапраўднага духа пакланення, - заклікаў Папа перад малітвай Анёл Панскі, якая прайшла 6 студзеня 2022 года на ватыканскай плошчы святога Пятра.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак нагадаў, што ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана літургічныя чытанні звяртаюць увагу на трох мудрацоў, якія, ідучы за цудоўным святлом зоркі, дасягнулі мэты, але насуперак сваім чаканняў знайсці там нешта грандыёзнае, убачылі Дзіця і маці. Яны, аднак, не абурыліся і не расчараваліся, а пакланіліся Яму: прынялі Бога, які аб’явіўся ў малым.

“Вось сённяшняе пасланне: мудрацы схіляюцца перад гэтай логікай Бога, якая ўражвае; яны прымаюць Пана не такім, якім Яго ўяўлялі сабе, а такім, які Ён ёсць, малым і бедным. Іх пакланенне з’яўляецца адметным знакам тых, хто адкідае ў бок уласныя ідэі, каб даць месца Богу. Для гэтага патрэбна пакора”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што “калі мы не адкінем свае прэтэнзіі, ганарыстасць, упартасць, імкненне дасягнуць поспеху, мы, магчыма, будзе пакланяцца камусьці ці чамусьці ў жыцці, але гэта не будзе Пан!” “Калі мне адмовімся ад прэтэнзій на самадастатковасць, асэнсуем сябе малымі, тады мы зноў спазнаем цуд пакланення Езусу. Пакланенне прадугледжвае пакору сэрца: тыя, якія апанаваны маніяй заўсёды і ва ўсім быць лепш за іншых, не асэнсоўваюць прысутнасці Пана. Езус праходзіць побач, і Яго не заўважаюць, як гэта здаралася з многіх у той час, але не з мудрацамі”, - дадаў Пантыфік.

Францішак заклікаў вернікаў задумацца пра свой стан пакоры. “Ці асэнсоўваем мы, што пыха – знешняя ці ўнутраная – перашкаджае нашаму духоўнаму росту? Ці развіваем мы ў сабе пакору, каб быць у распараджэнні Бога і іншых, або мы засяроджаны толькі на сябе, на сваіх патрабаваннях, на сваім схаваным эгаізме, ганарыстасці? Ці ўмеем мы адмовіцца ад сваіх поглядаў, каб прыняць пункт гледжання Бога і іншых? І нарэшце: ці молімся мы і пакланяемся толькі ў патрэбе або робім гэта пастаянна, таму што заўсёды маем патрэбу ў Езусе?”, - спытаў ён.

Напрыканцы разважання Папа пажадаў, каб Панна Марыя “навучыла нас нанава адкрыць для важнасць пакоры і сапраўднага духа пакланення, а таксама навучыла нас глядзець на зорку і ісці наперад”.
 

06 студзеня 2022, 12:58

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >