Пошук

Папа: св. Юзаф – непрыкметны абаронца Марыі і Езуса

Св. Юзаф нагадвае, што кожны чалавек мае неад’емную ролю ў гісторыі збаўлення, і заахвочвае станавіцца абаронцамі ўсіх, каго Пан давярае нам праз розныя жыццёвыя абставіны, - заўважыў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 24 лістапада 2021 г. прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны св. Юзафу, звяртаючы ўвагу на яго ролю ў гісторыі збаўлення. Ён нагадаў, што евангелісты Мацвей і Лука паказваюць Юзафа не як біялагічнага бацьку Езуса, але, тым не менш, як паўнапраўнага бацьку Збаўцы.

“Евангеліст Мацвей дапамагае нам зразумець, што постаць Юзафа, хоць на першы погляд здаецца нязначнай, сціплай, другараднай, насамрэч займае цэнтральнае месца ў гісторыі збаўлення. Юзаф выконваў сваю ролю, ніколі не імкнучыся заняць галоўнае месца на сцэне”, - падкрэсліў Францішак.

“Калі задумаемся, “нашае жыццё ткуць і падтрымліваюць звычайныя людзі – у большасці забытыя, якіх не ўбачыш у загалоўках газет і часопісаў (...) Колькі бацькаў, маці, бабуль і дзядуляў, а таксама настаўнікаў паказваюць нашым дзецям праз дробныя штодзённыя жэсты, як супрацьстаяць крызісу і пераадольваць яго, дастасоўваючы звычаі, гледзячы наперад і заахвочваючы да малітвы. Колькі людзей моляцца, ахвяруюцца і заступаюцца за дабро ўсіх”, - нагадаў Папа словы са свайго Апостальскага ліста Patris corde (1).

“Такім чынам, усе могуць убачыць у св. Юзафе, чалавека, што праходзіць непрыкмента, чалавека штодзённай прысутнасці, сціплай і схаванай, заступніка, падтрымку і правадыра ў цяжкія моманты. Ён нагадвае нам, што ўсе, хто здаецца нязначнымі ці “другарадным”, маюць непараўнальную ролю ў гісторыі збаўлення. Свет патрабуе такіх людзей”, - дадаў ён.

Францішак заўважыў таксама, што ў Евангеллі св. Лукі Юзаф паказваецца як абаронца Езуса і Марыі і таму ён таксама “Апекун Касцёла, бо Касцёл з’яўляецца працягам цела Хрыста ў гісторыі”. “Юзаф сваім жыццём, здаецца, хоча сказаць, што мы пакліканы заўсёды адчуваць сябе абаронцамі нашых братоў, абаронцамі тых, хто знаходзіцца побач, каго Пан даручае нам праз жыццёвыя абставіны”, - сказаў Папа.

На думку Святога Айца, сучаснае “вадкае” грамадства, можа знайсці ў гісторыі Юзафа “дакладнае ўказанне адносна важнасці міжчалавечых повязяў”. “Насамрэч, Евангелле паказвае нам генеалогію Езуса, не толькі па тэалагічных прычынах, але таксама, каб нагадаць кожнаму з нас, што наша жыццё складаецца з сувязяў, якія папярэднічаюць і спадарожнічаюць нам. Божы Сын, каб прыйсці ў свет, выбраў шлях повязяў”, - дадаў ён.

“Дарагія браты і сёстры, я думаю пра шматлікіх людзей, якім цяжка знайсці сур’ёзныя сувязі ў іх жыцці, і менавіта таму яны не маюць спакою, адчуваюць сябе самотнымі, пазбаўлены сіл і адвагі, каб ісці наперад”, - прызнаўся Францішак і прапанаваў тэкст малітвы, “якая дапаможа ім і ўсім нам знайсці ў св. Юзафе саюзніка, сябра і падтрымку”.

“Св. Юзэфе, ты, які бараніў лучнасць з Марыяй і Езусам, дапамажы нам клапаціцца пра адносіны ў нашым жыцці. Няхай ніхто не мае пачуцця пакінутасці, што ўзнікае з самотнасці. Няхай кожны прымірыцца з уласнай гісторыяй, з тымі, хто яму папярэднічаў, і прызнае таксама ў здзейсненых памылках, шлях, праз які прайшоў Божы Провід, і на якім зло не мела апошняга слова. Стань сябрам для тых, каму цяжка, і як падтрымаў Марыю і Езуса ў цяжкія хвіліны, падтрымай таксама нас на нашым шляху. Амэн”, - памаліўся на заканчэнне катэхезы Пантыфік.
 

24 лістапада 2021, 10:51

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >