Пошук

Анёл Панскі: благаслаўленні – гэта прароцтва новага чалавецтва

“Праграмным” пасланнем Езуса назваў благаслаўленні Францішак (Мц 5, 1-12а). Ва ўрачыстасць Усіх Святых ён узначаліў малітву Анёл Панскі на плошчы св. Пятра.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Нагорная пропаведзь Збаўцы “паказвае нам шлях, які вядзе да Валадарства Божага і шчасця: шлях пакоры, спагады, лагоднасці, справядлівасці і міру”, “быць святым – значыць ісці па гэтым шляху”.

Папа спыніўся “на двух аспектах такога ладу жыцця”: радасці і прароцтве. Езус пачынае са слова “шчаслівыя” (Мц 5, 3). “Шчасце, святасць – гэта не праграма жыцця, якая складаецца толькі з намаганняў і адрачэнняў, але перш за ўсё радаснае адкрыццё таго, што мы дзеці, якіх любіць Бог. Гэта не дасягненне самога чалавека, гэта дар, які мы атрымліваем: мы святыя, таму што Бог, Які з'яўляецца Святым, прыходзіць у наша жыццё. Па гэтай прычыне мы шчаслівыя”, - звярнуў увагу Пантыфік.

Хрысціянская радасць, дадаў ён, “гэта не эмоцыя моманту або просты чалавечы аптымізм, але ўпэўненасць у тым, што можна супрацьстаяць кожнай сітуацыі пад позіркам любові Бога, з мужнасцю і сілай, якія зыходзяць ад Яго”, “без радасці вера становіцца строгім і прыгнятальным практыкаваннем і рызыкуе захварэць на смутак”.

Благаслаўленні скіраваны да бедных, пакутлівых, прагных справядлівасці, звярнуў увагу Францішак, гаворачы аб другім аспекце – прароцтве. Калі гэты свет кажа, што каб быць шчаслівым, трэба стаць багатым, магутным, заўсёды маладым і моцным, карыстацца славай і поспехам, то Езус адмяняе гэтыя крытэрыі і робіць прароцкае аб’яўленне: “сапраўдная паўната жыцця дасягаецца тады, калі ідзём за Ім, рэалізуем Яго Слова”. Каб стаць па-сапраўднаму бедным, трэба апусцець і вызваліць месца для Бога. “Хто лічыць сябе багатым, паспяховым і забяспечаным, засноўвае ўсё гэта на сабе і замыкаецца перад Богам і сваімі братамі”, - заўважыў Святы Айцец.

“Такім чынам, благаслаўленні – гэта прароцтва новага чалавецтва, новага ладу жыцця: зрабіць сябе малым і даверыцца Богу, замест таго, каб выплываць на іншых; быць лагодным, а не спрабаваць навязаць сябе; практыкаваць міласэрнасць, а не думаць толькі пра сябе; рэалізаваць справядлівасць і мір, замест таго, каб падкормліваць, нават з паблажлівасці, несправядлівасць і няроўнасць”, - звярнуў увагу Пантыфік.

“Святасць – гэта вітанне і ўвасабленне ў жыццё з Божай дапамогай гэтага прароцтва, якое рэвалюцыянізуе свет”, - лічыць Францішак.

Завяршаючы сваё разважанне, Папа заклікаў Дзеву Марыю “даць нам штосьці ад сваёй душы, той благаслаўлёнай душы, што радасна ўзвялічыла Пана, Які “скінуў магутных з трона і ўзвысіў пакорных” (Лк 1, 52)”.
 

01 лістапада 2021, 12:21

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >