Пошук

Vatican News

Папа падчас Анёл Панскі: вера – пытанне свабоды і любові

Вера – гэта не “камерцыйныя адносіны з Богам”, а “пытанне свабоды і любові”, - падкрэсліў Папа перад малітвай Анёл Панскі, якая 10 кастрычніка 2021 г. прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Сустрэча паміж Езусам і багатым юнаком “дазваляе нам прайсці тэст адносна стану нашай веры”, - адзначыў Папа, каментуючы літургічны ўрывак Евангелля на XXVIII Звычайную нядзелю. Ён заўважыў, што евангельскі юнак разумеў веру як адносіны паміж выкананнем абавязку і атрыманнем узнагароды: “я раблю нешта, каб атрымаць тое, што мне патрэбна”.

Францішак назваў такі падыход “камерцыйнымі адносінамі з Богам”, падкрэсліваючы, што “вера – гэта не халодны і механічны абрад”, а “пытанне свабоды і любові”. Калі разумеем веру як абавязак ці разменную манету, не знаходзімся на правільным шляху, бо “збаўленне – гэта дар”, яно даецца бескарысліва, а не прадаецца.

“Першае, што мы павінны зрабіць, гэта вызваліцца ад камерцыйнага і механічнага падыходу да веры, якая наводзіць на фальшывы вобраз Бога, рахункавода і кантралёра, а не бацькі”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што “хрысціянскае жыццё становіцца прыгожым, калі не грунтуецца на нашых здольнасцях і нашых задумах, але на позірку Бога”. Калі вера “стомленая” і хочам даць ён новы запал, павінны шукаць позірку Бога – прыняць удзел у адарацыі, прыступіць да споведзі, стаць перад распяццем, адным словам дазволіць Богу любіць сябе, - параіў Францішак.

Пантыфік заўважыў, што багатаму юнаку з Евангелля не хапала бескарыслівасці. “Магчыма, гэта тое, чаго часта не хапае нам. Часта мы выконваем неабходны мінімум, у той час як Езус заклікае да магчымага максімума. Вельмі часта мы задавальняемся выкананнем абавязкаў – прадпісаннямі ці некалькімі малітвамі – у той час як Бог, які даў нам жыццё, просіць аб жыццёвым запале!”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што хрысціянскае жыццё гэта не толькі “не”, сказанае граху, але таксама “так”, сказанае любові.

“Дарагія браты і сёстры, вера без дару і бескрыслівасці – няпоўная. Мы можам параўнаць яе з багатай і пажыўнай ежай, якой, аднак, не хапае водару, ці з добра згуляным матчам, але без галоў. Вера без дару, без бескарыслівасці, без учынкаў міласэрнасці робіць нас смутнымі: як таго чалавека, які, нягледзячы на тое, што на яго з любоўю паглядзеў сам Езус, вярнуўся дадому “засмучаны” і “маркотны”. Сёння мы можам задаць сабе пытанне: “Які стан маёй веры? Ці не жыву верай як нечым механічным, як адносінамі абавязку і выгады з Богам? Ці не забываю ўмацоўваць яе, дазваляючы Езусу весці і любіць мяне? І, прываблены Ім, ці адказваю з бескарыслівасцю?”, - сказаў Папа.

“Няхай Панна Марыя, якая напоўніцу сказала Богу “так”, без аніякіх “але”, дапаможа нам адчуць водар прыгажосці ператварэння жыцця ў дар”, - заклікаў на завяршэнне нядзельнага разважання Святы Айцец.
 

10 кастрычніка 2021, 12:22

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Чытаць усё >