Пошук

Vatican News

Святы Айцец: Касцёл адкрыты на ўсе народы і культуры

Свабода, атрыманая ад Хрыста, адкрывае нас на прыняцце кожнага народа і культуры і, адначасова, адкрывае кожны народ і культуру на яшчэ большую свабоду, - падкрэсліў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 13 кастрычніка 2021 г. у ватыканскай Зале Паўла VI, Францішак прадоўжыў “катэхетычнае падарожжа па Пасланні да Галатаў”, нагадваючы, што смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста зрабілі людзей свабоднымі ад няволі граху і смерці. “Мы з’яўляемся свабоднымі, таму што былі вызвалены, вызвалены ласкай, вызвалены любоўю, якая становіцца найвышэйшым і новым законам хрысціянскага жыцця”, - сказаў Папа.

Пантыфік патлумачыў, што згодна з вучэннем св. Паўла, для чалавека, які прыняў Хрыста, ужо не мае значэнне абразанне, ці яго адсутнасць, а толькі “вера, якая дзейнічае праз любоў” (Гал 5,6). Аднак, нядобразычліўцы апостала крытыкавалі яго за гэта новаўвядзенне, сцвярджаючы, што ён мінімізуе патрабаванні, атрыманыя ад сваёй строгай рэлігійнай традыцыі, дзеля “душпастырскага апартунізма” і жадання “падабацца ўсім”.

“Як бачна, кожная евангельская навіна крытыкуецца не толькі ў нашыя дні, гэта мае доўгую гісторыю за плячыма”, - сказаў Францішак, заўважаючы, што ў адказ на крытыку Павел не прамаўчаў. “Ён адказаў з адвагай і праніклівасцю, кажучы: “Ці ў людзей я цяпер шукаю ўпадабання, ці ў Бога? Ці людзям дагаджаць стараюся? Калі б я і дагэтуль дагаджаў людзям, то не быў бы слугою Хрыста!” (Гал 1,10).

“Прыняцце веры для яго не азначала адмаўленне ад сутнасці культур і традыцый, а толькі ад таго, што перашкаджала навізне і чысціні Евангелля. Бо свабода, якую атрымалі дзякуючы смерці і ўваскрасенню Пана, не ўваходзіць у канфлікт з культурамі і традыцыямі, якія мы атрымалі, але ўлівае ў іх новую свабоду, ўлівае евангельскую навіну, якая вызваляе”, - дадаў Францішак.

“Вызваленне, прынятае з хростам, насамрэч, дазваляе нам атрымаць паўнату годнасці Божых дзяцей, каб, застаючыся добра ўкаранёнымі ў нашых культурных каранях, мы, адначасова, адкрываліся на паўсюднасць веры, што ўваходзіць у кожную культуру, распазнае ў ёй прысутнасць парасткаў праўды, і развівае іх, даводзячы да паўнаты дабро, змешчанае ў іх”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што “ў пакліканні да свабоды мы адкрываем для сябе сапраўды сэнс інкультурацыі Евангелля”, які заключаецца ў здольнасці “абвяшчаць Добрую навіну Хрыста Збаўцы, паважаючы тое добрае і праўдзівае, што ёсць у культурах”.

“Гэта нялёгка, бо існуе шмат спакус навязваць свае мадэлі жыцця, быццам бы яны больш перадавыя і прывабныя. Колькі памылак было зроблена ў гісторыі евангелізацыі ў жаданні навязаць адзіную культурную мадэль!”, - сцвердзіў Папа, заўважаючы, што часам дзеля гэтага “не адмаўляліся нават ад насілля”. “Такім чынам Касцёл пазбаўляўся багацця шматлікіх мясцовых выразаў, якія нясуць з сабой культурныя традыцыі цэлых народаў. Гэта дакладна адваротнае хрысціянскай свабодзе!”, - дадаў ён.

На думку Францішка, з бачання свабоды, уласцівага св. Паўлу, вынікае абавязак паважаць культурнае паходжанне кожнага чалавека. “Вось сэнс называння сябе католікамі, калі гаворым пра Каталіцкі Касцёл: гэта не сацыялагічная дэнамінацыя для адрознення ад іншых хрысціян; “каталіцкі” – гэта прыметнік, які азначае паўсюдны... Касцёл Паўсюдны, Касцёл Каталіцкі – гэта значыць, што Касцёл мае ў сабе, у сваёй прыродзе, адкрытасць на ўсе народы і культуры ўсіх часоў, бо Хрыстус – нарадзіўся, памёр і ўваскрос для ўсіх”, - дадаў Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што культура пастаянна змяняецца, а гэта прымушае задумацца пра адпаведныя спосабы абвяшчэння Евангелля. “Калі будзем лічыць, што павінны казаць пра веру так, як гэта рабілася ў мінулыя стагоддзі, тады рызыкуем застацца незразуметымі для новых пакаленняў. Свабода хрысціянскай веры, хрысціянская свабода, не ўказвае на статычнае бачанне жыцця і культуры, але на дынамічнае”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што свабода – гэта дар, які трэба захоўваць, і які кліча кожнага чалавека быць у няспынным пілігрымаванні да паўнаты свабоды. “Гэта вялікі дар Езуса для нас. Пан бескарысліва вызваліў нас з рабства і паставіў на шлях, каб крочылі да поўнай свабоды”, - завяршыў катэхезу Пантыфік.
 

13 кастрычніка 2021, 10:41

Мінулая аўдыенцыя

Чытаць усё >