Пошук

Vatican News
Францішак падчас Анёл Панскі Францішак падчас Анёл Панскі  (AFP or licensors)

Анёл Панскі: Папа заклікаў бачыць веліч Бога ў дробязях

Францішак перасцярог ад "пустазелля недаверу" да Касцёла, асабліва калі мы назіраем крызіс веры і правалы розных праектаў і ініцыятыў. Сваім разважаннем ён падзяліўся 13 чэрвеня 2021 г. перад малітвай Анёл Панскі.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Папа нагадаў, што Касцёл уступіў у "звычайны" літургічны перыяд. Ён звярнуў увагу на евангельскія прыпавесці, якія "чэрпаюць натхненне ў звычайным жыцці і дэманструюць чулы і глыбокі погляд Езуса, Які “адчыняе вокны на таямніцу Божых і чалавечых спраў” праз вобразы штодзённасці.

Насенне нашых добрых спраў можа здацца маленькім, але ўсё добрае належыць Богу і таму пакорліва, павольна прыносіць свой плён

“Такім чынам Збаўца вучыць нас, што нават у паўсядзённых справах, якія часам здаюцца аднолькавымі, успрымаюцца намі з рассеянасцю і стомай, існуе схаваная прысутнасць Бога”, - заўважыў Францішак.

Святы Айцец спаслаўся на прыпавесць, у якой Езус параўноўвае Валадарства Божае і яго прысутнасць з гарчычным зернем, самым маленькім зернем, якое становіцца вялікім дрэвам. "Бог працуе як добрае маленькае зерне, якое прарастае ціха і павольна. Паступова яно становіцца пышным дрэвам, што дае жыццё і асвяжэнне ўсім. І насенне нашых добрых спраў можа здацца маленькім, але ўсё добрае належыць Богу і таму пакорліва, павольна прыносіць свой плён”, - патлумачыў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што прыпавесцю пра гарчычнае зерне Езус хацеў усяліць у нас надзею. Ён звярнуў увагу на тое, што ў многіх жыццёвых сітуацыях мы бянтэжымся, бо бачым слабасць дабра супраць відавочнай сілы зла, нас паралізуе недавер, калі разумеем, што прыклалі намаганні, а вынікі не прыходзяць, што стан рэчаў ніколі не зменіцца.

Мы павінны сеяць з любоўю, адданасцю і цярплівасцю. Але сіла насення паходзіць ад Бога

Святы Айцец нагадаў, што Евангелле мабілізуе нас паглядзець на сябе і на рэальнасць па-новаму, "яно патрабуе, каб у нас былі больш дасканалыя вочы, здольныя глядзець далей, незалежна ад бачнага, каб выявіць прысутнасць Бога, Які, як пакорная любоў, заўсёды дзейнічае на глебе нашага жыцця і гісторыі". "Гэта наш давер, гэта тое, што дае нам сілу рухацца кожны дзень з цярплівасцю, сеючы дабро, якое прынясе свой плён", - падкрэсліў Папа. Ён лічыць, што такое стаўленне важна для “выздараўлення ад пандэміі”.

Францішак перасцярог ад "пустазелля недаверу да Касцёла, асабліва калі мы назіраем крызіс веры і правалы розных праектаў і ініцыятыў”. Ён нагадаў, што вынікі "пасеву" залежаць не ад нашых уласных магчымасцей, а ад Божага дзеяння. "Мы павінны сеяць з любоўю, адданасцю і цярплівасцю. Але сіла насення паходзіць ад Бога", - сказаў Папа. "У Бога, нават на самай бясплоднай глебе, заўсёды ёсць надзея на новыя парасткі", - дадаў ён.

У заключэнне Святы Айцец заклікаў: "Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, сціплая слуга Пана, навучыць нас бачыць веліч Бога ў дробязях і пераадольваць спакусу маркоты, давяраючы Яму кожны дзень".
 

13 чэрвеня 2021, 12:54

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Чытаць усё >