Пошук

Vatican News

Агульная аўдыенцыя: праца і малітва – узаемадапаўняльныя

Малітва не знаходзіцца ў супярэчнасці з штодзённай дзейнасцю, але з’яўляецца прасторай, дзе ўсё знаходзіць сэнс, - сказаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 9 чэрвеня 2021 г. прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак прысвяціў катэхезу тэме няспыннай малітвы, якая, паводле яго слоў, з’яўляецца “не толькі заклікам, але нават загадам, што дае Святое Пісанне”. Ён нагадаў словы св. Паўла з Першага паслання да Тэсаланікійцаў: “Няспынна маліцеся. За ўсё дзякуйце” (5,17-18), якія, між іншым, сталі зыходным пунктам для духоўнага падарожжа галоўная героя “Шчырых аповедаў пілігрыма”.

“Словы апостала ўразілі гэтага чалавека і ён пытаўся ў сабе, як можна маліцца няспынна, улічваючы, што наша жыццё складаецца з мноства розных моманты, якія не заўсёды даюць магчымасць засяродзіцца. З гэтага пытання пачаўся яго пошук, які прывёў да адкрыцця таго, што называецца малітвай сэрцам. Яна заключаецца ў паўтарэнні з верай: “Пане Езу Хрысце, Сыне Божы, змілуйся нада мной грэшным!”... Гэта малітва, якая крок за крокам прыстасоўваецца да рытму дыхання і расцягваецца на ўвесь дзень. На самой справе, дыханне ніколі не спыняецца, нават калі мы спім, а малітва – гэта дыханне жыцця”, - сказаў Папа.

“Як жа магчыма заўсёды захоўваць малітоўны стан?”, - спытаў Пантыфік. Ён заўважыў, што Катэхізіс Каталіцкага Касцёла прапануе на гэты конт цудоўныя думкі, якія належаць да гісторыі духоўнасці, і падкрэсліваюць патрэбу ў пастаяннай малітве, што з’яўляецца сэрцам хрысціянскага жыцця.

Францішак працытаваў выказванне Эвагрыя Пантыйскага, які казаў пра тое, што “нам не загадана няспынна працаваць, чуваць і пасціць, але няспынная малітва – закон для нас”. Такім чынам малітоўны запал ніколі не павінен гаснуць у хрысціянскім жыцці.

“Гэта крыху падобна на сакральны агонь, які захоўвалі ў антычных храмах, які гарэў няспынна, а святары былі абавязаны яго падтрымліваць”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што малітва павінна быць падобнай на такі “сакральны агонь, які пастаянна гарыць у нас і нішто не можа яго пагасіць”.

Іншае выказванне, на якое спаслаўся Святы Айцец, належыць св. Яну Хрызастому, “пастыру, уважліваму да канкрэтнага жыцця”, які казаў, што можна маліцца ў глыбіні душы нават падчас знаходжання на кірмашы, на шпацыры, падчас працы ці прыгатавання ежы. “Такім чынам малітва, гэта пэўнага роду нотны стан, на якім мы размяшчаем мелодыю нашага жыцця. Яна не знаходзіцца ў супярэчнасці з штодзённай дзейнасцю, не ўваходзіць у кантраст з нашымі шматлікімі малымі абавязкамі і сустрэчамі, але з’яўляецца месцам, дзе кожнае дзеянне знаходзіць свой сэнс, сваю прычыну і свой супакой”, - дадаў Папа.

Францішак прызнаў, што рэалізаваць гэтыя духоўныя парады на практыцы нялёгка і многія бацькі і маці з настальгіяй узгадваюць тыя перыяды свайго жыцця, калі з лёгкасцю маглі знаходзіць час на малітву. “Потым з’явіліся дзеці, праца, справы сямейнага жыцця, састарэлі бацькі... Складаецца ўражанне, што гэтаму не будзе канца. У такой сітуацыі будзе карысна падумаць пра тое, што Бог, наш Айцец, які павінен клапаціцца пра ўвесь сусвет, заўсёды памятае пра кожнага з нас. Таму таксама і мы павінны заўсёды памятаць пра Яго!”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што ў традыцыі хрысціянскага манаства заўсёды існавала вялікая пашана да працы, не толькі таму, што яна тычыцца маральнага абавязку клапаціцца пра сябе і іншых, але таксама таму, што яна дае пэўнага роду духоўную раўнавагу: для чалавека рызыкоўна губляць кантакт з рэальнасцю, а праца дапамагае заставацца ў кантакце з ёй. “Калі ў Евангеллі св. Лукі (10,38-42) Езус кажа св. Марце, што трэба толькі слухаць Бога, гэта не азначае пагарды да многіх паслугаў, якія яна выконвала з вялікай адданасцю”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што ў чалавеку ўсё мае “падвоены” характар: наша цела з’яўляецца сіметрычным, маем два вока, дзве рукі... Праца і малітва таксама ўзаемадапаўняльныя. Малітва – якая з’яўляецца “дыханнем” усяго – застаецца жыццядайным фонам працы, нават у тыя моманты, калі яна не з’яўляецца заўважнай. Гэта нечалавечна, калі мы настолькі паглынуты працай, што нават не знаходзім часу для малітвы”, - папярэдзіў Папа.

“У той жа час, нездаровай з’яўляецца малітва, якая адрываецца ад жыцця. Малітва, якая адчужае нас ад канкрэтных жыццёвых сітуацый становіцца спірытуалізмам, ці нават рытуалізмам. Будзем памятаць, што Езус, пасля таго, як аб’явіўся вучням у сваёй хвале на гары Табор, не хацеў працягваць момант экстазу, але сышоў з імі з гары і вярнуўся да штодзённага шляху, бо гэты досвед павінен быў застацца ў сэрцах, як святло і сіла іх веры. Такім чынам, час, прысвечаны прабыванню з Богам, ажыўляе веру, якая дапамагае нам у канкрэтных жыццёвых сітуацыях і сілкуе няспынную малітву. У гэтай еднасці паміж верай, жыццём і малітвай падтрымліваецца запаленым агонь хрысціянскай любові, якой Бог чакае ад кожнага з нас”, - падкрэсліў, завяршаючы катэхезу, Пантыфік.
 

09 чэрвеня 2021, 10:59

Мінулая аўдыенцыя

Чытаць усё >