Пошук

Vatican News
Папа падчас агульнай аўдыенцыі. Ілюстрацыйнае фота Папа падчас агульнай аўдыенцыі. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Агульная аўдыенцыя: Касцёл – дом і школа малітвы

Важнае заданне Касцёла – гэта малітва і навучанне малітве, - падкрэсліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 14 красавіка 2021 г. прайшла ў форме відэатрансляцыі з Ватыкана.

Францішак падкрэсліў, што Касцёл – гэта вялікая школа малітвы. Ён нагадаў, што многія людзі навучыліся першым словам малітваў яшчэ ў маленстве, дзякуючы сваім бацькам, бабулям і дзядулям.

“Магчыма, мы захоўваем у памяці ўспаміны пра тое, як маці і тата вучылі нас маліцца перад сном. Гэтыя хвіліны цішыні з’яўляюцца таксама момантам, калі бацькі могуць пачуць ад дзяцей пэўныя шчырыя прызнанні, а таксама даць ім параду, натхнёную Евангеллем. Затым, на шляху ўзрастання, адбываюцца іншыя сустрэчы, з іншымі сведкамі і настаўнікамі малітвы. Карысна памятаць пра іх”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што жыццё парафіі і кожнай хрысціянскай супольнасці пазначана літургічнымі перыядамі і супольнай малітвай. “Тут мы пачынаем разумець, што гэты дар, атрыманы простым чынам у дзяцінстве, з’яўляецца вялікай і вельмі каштоўнай спадчынай, і што малітоўны досвед заслугоўвае няспыннага паглыблення”, - заўважыў Францішак, падкрэсліўшы, што гэтаму таксама спрыяюць крызісы і “ўваскрасенні” з іх.

“Подыхам веры з’яўляецца малітва: мы ўзрастаем у веры настолькі, наколькі вучымся маліцца. Пасля пэўных жыццёвых этапаў мы заўважаем, што без веры не змаглі б іх пераадолець, і што нашай сілай была малітва. Не толькі асабістая, але і малітва братоў і сясцёр, малітва супольнасці, якая нас суправаджала і падтрымлівала...”, - адзначыў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што ў Касцёле няспынна ўзнікаюць супольнасці і групы, якія прысвячаюць сябе малітве, а манастыры, кляштары, пустэльні часта становяцца “цэнтрамі выпраменьвання духоўнасці”.

“Яны з’яўляюцца жыццядайнымі клеткамі не толькі для касцёльнай тканкі, але і для ўсяго грамадства. Падумаем, напрыклад, пра тое, якую ролю адыграла манаства ў нараджэнні і развіцці еўрапейскай цывілізацыі, а таксама іншых культур. Малітва і праца ў супольнасці дапамагае рухаць свет наперад. Гэта рухавік!”, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа заўважыў, што ў Касцёле ўсё нараджаецца падчас малітвы і развіваецца дзякуючы ёй, а калі д’ябал хоча зрабіць шкоду Касцёлу, ён у першую чаргу намагаецца “высушыць яго крыніцы, перашкаджаючы яму маліцца”. Францішак падкрэсліў, што і касцёльныя рэформы немагчыма здзейсніць без малітвы.

“Калі гасне малітва, спачатку здаецца, што ўсё можа працягвацца так, як было раней, але хутка Касцёл заўважае, што становіцца нібыта пустой абалонкай, што згубіў апорныя восі, што больш не мае крыніцы цяпла і любові”, - звярнуў увагу Пантыфік.

“Жыццё святых не лягчэйшае за жыццё іншых, таксама і яны маюць праблемы для вырашэння, акрамя таго, яны часта з’яўляюцца аб’ектамі супраціву. Але іх сіла – гэта малітва, якую яны заўсёды чэрпаюць з бяздоннай “студні” Маці Касцёла. Малітвай яны жывяць полымя сваёй веры, на падабенства алею ў светачах. І так яны крочаць наперад па шляху веры і надзеі. Святыя, якія ў вачах свету часта з’яўляюцца нязначнымі, на самой справе з’яўляюцца тымі, хто яго падтрымлівае, не зброяй грошаў, улады ці сродкаў камунікацыі, а зброяй малітвы”, - падкрэсліў Францішак.

Спасылаючыся на пытанне Езуса: “Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?” (Лк 18,8), Пантыфік нагадаў, што яно было змешчана напрыканцы прыпавесці, у якой гаворыцца пра важнасць нястомнай малітвы. “Такім чынам, мы можам зрабіць выснову, што светач веры будзе палаць на зямлі да таго часу, пакуль будзе хапаць алею малітвы”, - сцвердзіў ён.

Важным заданнем Касцёла з’яўляецца малітва і навучанне малітве, перадача з пакалення ў пакаленне светачу веры з алеем малітвы. Без святла гэтага светача мы не зможам знайсці шлях евангелізацыі, добрага ўзрастання; не зможам убачыць абліччы нашых братоў, да якіх павінны наблізіцца і якім павінны служыць; не зможам асвятліць пакой, у якім сустракаемся ў супольнасці. Без веры ўсё рухне, а без малітвы вера пагасне. Таму Касцёл, будучы домам і школай адзінства, з’яўляецца домам і школай малітвы”, - падсумаваў сваю катэхезу Святы Айцец.
 

14 красавіка 2021, 11:25

Мінулая аўдыенцыя

Чытаць усё >