Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Францішак змяніў асабістага сакратара

Папа абраў сваім асабістым сакратаром кс. Фабіа Салерна. Апошнія некалькі гадоў італьянскі святар працаваў у ватыканскім Дзяржаўным сакратарыяце, у Секцыі па сувязях з дзяржавамі.

Паведаміўшы аб рашэнні Святога Айца, кіраўнік Залы Друку Матэа Бруні дадаў, што “ў кантэксце звычайнай ратацыі служачых, арганізаванай Францішкам для супрацоўнікаў Рымскай курыі, мансеньёр Ёаніс Лахзі Гайд, асабісты сакратар Папы з красавіка 2014 г., завяршае сваё служэнне”.

Егіпецкі святар працягне займаць цяперашнюю пасаду ў якасці члена Камітэта па дасягненні мэтаў “Дэкларацыі аб чалавечым братэрстве”. Гэтая міжрэлігійнага арганізацыя займаецца пасоўваннем Дакумента, падпісанага ў лютым 2019 г. у Абу-Дабі папам Францішкам і Вярхоўным імамам Аль-Азхар Ахмедам Эль Таебам, у інтарэсах міру і суіснавання ва ўсім свеце.

Новы папскі сакратар, кс. Фабіа Салерна нарадзіўся ў калабрыйскім горадзе Катандзара 25 красавіка 1979 г. Стаў святаром 19 сакавіка 2011 г. і пачаў служэнне ў архідыяцэзіі Катандзара-Сквілачэ. Атрымаў навуковую ступень доктара абодвух правоў (Utroque Iure) у Папскім латэранскім універсітэце ў Рыме. Пасля заканчэння Папскай касцёльнай акадэміі кс. Салерна служыў сакратаром у Апостальскай нунцыятуры ў Інданэзіі, у пастаянным прадстаўніцтве Святога Пасаду пры Савеце Еўропы ў Страсбургу, а затым працягнуў служэнне ў Секцыі па сувязях з дзяржавамі ў ватыканскім Дзяржсакратарыяце.

Мансеньёр Фабіа Салерна будзе супрацоўнічаць з уругвайскім святаром Гансала Аэміліюсам, які змяніў у студзені 2020 г. на пасадзе асабістага сакратара Папы 55-гадовага аргентынца, мансеньёра Фабіяна Пэдак’ё.
 

01 жніўня 2020, 13:15