Пошук

1585482450181.JPG

Папа на “Анёл Панскі”: Бог не стварыў нас для магілы

Прапануем поўны пераклад на беларускую мову разважання Святога Айца, якое прагучала з бібліятэкі Апостальскага палаца:

“Дарагія браты і сёстры, добры дзень! Евангелле Пятай нядзелі Вялікага посту распавядае пра ўваскрасенне Лазара (Ян 11, 1-45), які быў братам Марты і Марыі. Яны былі вельмі блізкімі сябрамі Езуса. Калі Ён прыйшоў у Бэтанію, Лазар ляжаў мёртвы ўжо чатыры дні. Марта выбегла сустрэць Настаўніка і сказала яму: “Пане, калі б ты быў тут, не памёр бы брат мой” (Ян 11, 21). Езус адказаў ёй: “Уваскрэсне брат твой” (Ян 11, 23); і дадаў: “Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць” (Ян 11, 25). Езус выяўляе сябе як Пан жыцця, як Той, хто можа даць жыццё нават памерлым. Потым прыйшлі Марыя і іншыя людзі, усе ў слязах, а затым, як гаворыцца ў Евангеллі, Езус “глыбока ўзрушыўся (...) і заплакаў” (Ян 11, 33. 35). З гэтай трывогай у душы Ён пайшоў да магілы, падзякаваў Айцу, Які заўсёды Яго слухае, загадаў адкрыць магілу і гучна закрычаў: “Лазар, выйдзі вонкі!” (Ян 11, 43). І выйшаў Лазар, “з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю” (Ян 11, 44).

“Тут мы бачым, што Бог ёсць жыццё і дае жыццё, але Ён бярэ на сябе драму смерці. Езус мог пазбегнуць смерці свайго сябра Лазара, але хацеў асабіста перажыць нашы пакуты падчас смерці блізкіх і, перш за ўсё, жадаў паказаць панаванне Бога над смерцю.”

У гэтым евангельскім урыўку мы бачым, што вера чалавека і ўсемагутнасць Божай любові шукаюць адно аднаго і ў рэшце рэшт сустракаюцца. Гэта як вуліца з двухбаковым рухам: чалавечая вера і ўсемагутнасць Божай любові шукаюць адно аднаго і, нарэшце, сустракаюцца. Мы бачым гэта ў крыку Марты і Марыі, а таксама ў нашым: “Калі б ты быў тут...”. І адказ Бога – гэта не прамова, а Езус: “Я – уваскрасенне і жыццё ... Паверце! Працягвайце верыць пасярод плачу, нават тады калі смерць, здаецца, перамагла. Адсуньце камень з вашага сэрца! Дазвольце Божаму Слову вярнуць жыццё туды, дзе пануе смерць”.

Таксама сёння Езус паўтарае нам: “Адсуньце камень”. Бог не стварыў нас для магілы, ён стварыў нас для прыгожага, добрага і радаснага жыцця. “Але праз зайздрасць д’ябла ў свет увайшла смерць” (Мдр 2, 24), гаворыцца ў Кнізе Мудрасці, а Езус Хрыстус прыйшоў вызваліць нас з яе няволі.

“Менавіта таму мы закліканы выдаліць камяні ўсяго, што мае прысмак смерці: напрыклад, крывадушнасць у веры з’яўляецца смерцю; дэструктыўная крытыка іншых людзей – гэта смерць; абраза, паклёп – гэта смерць; маргіналізацыя бедных – гэта смерць.”

Пан патрабуе, каб мы выдалілі гэтыя камяні з нашага сэрца, і тады жыццё зноў будзе квітнець вакол нас. Хрыстус жыве, і тыя, хто Яго прымае і трымаецца Яго, уступаюць у кантакт з жыццём. Без Хрыста і па-за Хрыстом не толькі жыцця няма, але і мы тонем у смерці.

Уваскрасенне Лазара таксама з’яўляецца знакам адраджэння, якое адбываецца ў верніка праз хрост, праз поўнае ўкараненне ў пасхальную таямніцу Хрыста. У выніку дзеяння і сілы Святога Духа хрысціянін становіцца чалавекам, які працягвае жыццё як новае стварэнне: істота для жыцця, якая імкнецца да жыцця.

Няхай Панна Марыя дапаможа нам быць спачувальнымі, як яе Сын Езус, Які асабіста перажывае нашы пакуты. Няхай кожны з нас будзе блізкім да тых, хто знаходзіцца ў цяжкасцях, становячыся для іх адлюстраваннем любові і пяшчоты Бога, якая вызваляе ад смерці і вядзе да перамогі ў жыцці”, - сказаў Папа.

Завяршаючы нядзельную сустрэчу, Францішак заклікаў вернікаў не забывацца маліцца за яго і паабяцаў сваю малітву за кожнага.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 сакавіка 2020, 15:15